Давялося напісаць шмат у якіх профілях на тэму выступлення Юрася Беленькага на Дзядах-2013. «Калі ты размаўляеш па-расейску, ты ў арміі акупанта і страляеш у свой народ», — сказаў Беленькі. Каб закрыць для сябе гэтую тэму, маю патрэбу выкласці сваё бачанне праблемы ў канцэнтраваным выглядзе.
Падабаецца нам гэта ці не, але сённяшняя Беларусь воляй гісторыі — пераважна расійскамоўная краіна.
Каб у гэтым пераканацца, не трэба праводзіць нейкіх сацыялагічных даследаванняў ці адмысловых перапісаў насельніцтва — дастаткова выйсці на вуліцу любога беларускага горада (і нават многіх вёсак) ды проста паслухаць, як людзі гавораць.
Прытым вельмі важна тое, што расійскамоўныя грамадзяне Беларусі — гэта ў пераважнай большасці не нейкія перасяленцы з іншых тэрыторый, а нашчадкі карэнных жыхароў гэтай зямлі.
Свядомых беларускамоўных у маштабах краіны — жменька. Але іх перавага — у, як правіла, высокай ідэйнасці чальцоў гэтай супольнасці ды цвёрдай перакананасці ў слушнасці ўласнага культурна-моўнага выбару.
Ніхто не можа ведаць наперад, як складзецца далейшы лёс краіны Беларусь і яе народа.
Цяжка сказаць, ці атрымае беларуская мова яшчэ некалі рэальны шанец на выхад з цяперашняга гета.
Але ўжо сёння можна з поўнай упэўненасцю сцвярджаць, што калі цуд «адраджэння» мовы ўсё ж адбудзецца — то толькі пры ўмове актыўнай падтрымкі ці прынамсі спачувальнага стаўлення да гэтай ідэі з боку вялікай часткі расійскамоўнай большасці грамадства. Апошняе ж абсалютна немагчыма без прынамсі паважлівага стаўлення да сваіх расійскамоўных суграмадзян з боку беларускамоўных і прызнання іхнага права на ўласны выбар.
У выказванні сп. Беленькага якраз такое паважлівае стаўленне адсутнічае, яно выразна нацэлена на канфрантацыю і адкрытае супрацьпастаўленне дзвюх моўных супольнасцяў. І перадусім дзеля таго маё стаўленне да выказанага меркавання — выразна негатыўнае.
Няма вялікай шкоды, калі такіх поглядаў трымаецца асобны чалавек ці нават цэлая не самая ўплывовая партыя. Сапраўдная трагедыя была б, каб такая неканструктыўная і тупіковая пазіцыя стала характэрнай для большасці беларускамоўнай супольнасці.
Думаецца, гэта сапраўды быў бы апошні цвік у труну беларускай мовы. Спадзяюся, аднак, што да такога вар'яцтва ніколі не дойдзе.





