Вядомы расійскі шахматыст, былы чэмпіён свету, а цяпер апазіцыйны палітык Гары Каспараў просіць даць яму латвійскае грамадзянства.
Такі ліст атрымалі амаль усе фракцыі латвійскага Сейма.
Як паведаміў старшыня камісіі Сейма па абароне, унутраных справах і прадухіленні карупцыі Айнар Латкоўскіс, грамадзянства Латвіі Каспараў просіць за асаблівыя заслугі і хоча захаваць таксама грамадзянства Расіі.
«Як грамадзянін Латвіі я атрымаю магчымасць без абмежаванняў заняцца палітычнай дзейнасцю ў імя дэмакратыі, міру і справядлівасці як у Расіі, так і ў іншых краінах свету, дзе парушаюць правы чалавека і топчуць дэмакратычныя нормы», - цытуе ліст Каспарава BNS.
Каспараў указвае, што яго жыццё з маладосці звязана з Латвіяй,
дзе ў 1970-я гады ён атрымаў важную перамогу ў шахматах [відаць, размова пра адборачны турнір у Даўгаўпілсе, які дазволіў 15-гадоваму шатматысту дэбютаваць у чэмпіянаце СССР — НН]. Маці яго сына Вадзіма грамадзянка Латвіі, а ў сына ёсць від на жыхарства ў Латвіі, і ён рэгулярна наведвае Рыгу.
Каспараў таксама піша, што ён як грамадзянін Латвіі мог бы ўнесці істотны ўклад у адукацыю школьнікаў і студэнтаў у рамках праграм «шахматнага Фонду Каспарава».





