Прычынай стаў фрагмент выступу на мітынгу памяці ў Курапатах намесніка старшыні КХП БНФ Юрася Беленькага:

«Палітыка знішчэння, якую праводзіць супраць нас расейская імперыя, не спынілася. Яна мае проста іншыя формы. Сёння гэта русіфікацыя, пазбаўленне нас гістарычнай памяці, пазбаўленне нас нашай нацыянальнай культуры. Сёння гэта водападзел змагання нас, беларусаў, за выжыванне супраць акупантаў. Я звяртаюся да кожнага чалавека тут, асабліва да моладзі. Памятайма: калі ты гаворыш па-расейску, ты ў войску акупанта і страляеш у свой народ. Бо калі адбудзецца поўная русіфікацыя (я ўпэўнены, што гэтага не адбудзецца), то можна ўявіць сабе, у што ператворацца нашы людзі».

Сёння Юрась Беленькі – госць перадачы Свабоды.

РС: Юрась, вы, напэўна, чыталі водгукі на вашу прамову ў інтэрнэце. Ці чакалі вы такой рэакцыі, якая ў некаторых з тых, хто выказаўся на гэтую тэму, даволі негатыўная?

Беленькі: У пэўнай ступені я чакаў такой рэакцыі. Я закрануў вельмі балючую тэму, закрануў галоўную прычыну такога стану, такой сітуацыі ў Беларусі ў моўна-культурнай сферы і фактычна ў сферы палітыкі, а калі далей сягаць – у сферы эканамічнай. Я чакаў такой рэакцыі.

РС: Мы ўяўляем сабе моўную сітуацыю ў Беларусі: ёсць невялікая, але вельмі актыўная частка беларусаў, якія ўсяляк бароняць беларускую мову, ёсць невялікая частка, якая варожа ставіцца да беларускай мовы, і самая значная частка, якая знаходзіцца паміж імі, ставіцца да беларускай мовы або абыякава, або з сімпатыяй (прыхаванай ці не), але гэтая самая значная частка гаворыць па-расейску. Чаму яны гавораць па-расейску, мы ведаем. Да каго вы звярталіся са сваім папярэджаннем?

Беленькі: Я звяртаўся якраз да гэтай сярэдняй часткі. Бо людзі, якія належаць да гэтай групы, проста часам не задумваюцца, да чаго прывядзе палітыка русіфікацыі і чым гэта абернецца для лёсаў іх дзяцей і ўнукаў. Палітыка русіфікацыі ўжо сёння дае вельмі адмоўныя вынікі. Тое, што беларусы фізічна змяншаюцца, тое, што ідзе алкагалізацыя і наркатызацыя, – гэта якраз вынік русіфікацыі. Бо праз расейскую мову ў Беларусь праточваецца і расейскі светапогляд, расейская ментальнасць, стаўленне да жыцця, да дзяцей, да таго ж алкаголю.

Я прыгадваю, як ў 1970-я гады мая бабуля казала: «Што такое здарылася? Да вайны ганьба вялікая была, калі чалавек ужываў алкаголь, калі не працаваў. А цяпер гэта ўспрымаецца як зухаватасць». Тады я не ўсведамляў, што гэта палітыка, што гэтая прывязка беларусаў да чужых каштоўнасцяў нясе бяду. І цяпер мы гэта назіраем. Нядаўна па так званым «беларускім» тэлебачанні паказалі з Бабруйска дзіцячы ансамбль «Зязюлінка». Дзяўчынка 10-13 гадоў спявае «Сударыня-барыня, я до милого пошла, я под милого легла». І я жахнуўся. У нас жа такога ніколі не было. І чаго мы можам чакаць? Калі далей гэты працэс такой русіфікацыі будзе працягваецца, а ён свядома працягваецца, праграму «Русский мир» Расея праводзіць, у падручніках у іх напісана пра «падаўленне волі да супраціву, вынішчэнне нацыянальных каштоўнасцяў».

Я звяртаюся якраз да гэтай сярэдняй групы: ці задумваецеся вы, у якой сітуацыі апынуцца вашы дзеці, што будзе на вуліцах? Трэба гэта спыніць, вярнуцца да сваёй мовы, да сваёй традыцыйнай хрысціянскай культуры. Інакш гэта катастрофа. 

РС: Юрась, я вам трошкі запярэчу. У Літве сярод літоўскага насельніцтва ніякай русіфікацыі няма, наадварот, там веданне расейскай мовы змяншаецца. Тым не менш, з алкагалізмам, падзеннем маралі там праблемы яшчэ большыя, чым у Беларусі. Паводле апошніх звестак Міністэрства аховы здароўя, Літва – лідар у Еўропе па колькасці самагубстваў, у тым ліку і самагубстваў з прычыны алкагалізму. Можа, усё ж не мова вызначае тэндэнцыю да маральнага падзення?

Беленькі: Я прывяду вам прыклад. Былі ў гасцях у маладой рускамоўнай сям'і. Гаспадыня гаворыць: «Еду я па Мінску, спыняе мяне ГІБДД…» Я кажу: «Дык няма ў нас ГІБДД, у нас ДАІ». Спадарыня жыве ў рускамоўнай тэлевізійнай прасторы і ўбірае ў сябе гэтыя катэгорыі. Я не ведаю, што адбываецца ў Літве…

РС. Там яны расейскае тэлебачанне не глядзяць.

Беленькі: Не ведаю, што яны глядзяць. Я нядаўна быў у Амерыцы, дык таксама назіраў, што людзі ў беларускіх сем'ях, прычым евангельскія хрысціяне, прывучаюць дзяцей, што ангельская мова – гэта добра, і не заўважаюць, як адбываецца падзел унутры сем'яў і не ведаюць гэтай руска-беларускай трасянкі. І прымаюць найгоршае з амерыканскага ладу жыцця – наркотыкі і алкаголь. І гэта вельмі прыкра было чуць, што людзі паехалі ў пошуках лепшага жыцця, а іх дзеці трапілі ў вялікую бяду.

Калі мы збіраемся наладзіць нармальнае жыццё ў Беларусі, у эканамічнай сферы, у сацыяльнай сферы, мы мусім мець апірышча.

Калі мы не будзем мець маральнага, духоўнага апірышча, мы будзем далей падаць у гэтую яму. Таму не будзем аналізаваць, што там у Літве. Я не вельмі добра ведаю. Я ведаю, што адбываецца ў Беларусі: адкіданне свайго і арыентацыя на чужое. Гэта першая прычына.

Неяк падвозіў настаўніцу. Яна расказвае, якая бяда ў іх у горадзе. Кажа, калі прыйшла ў школу, дык была крыху старэйшая за вучняў, але на вы называлі. А цяпер – алкаголь, наркотыкі, расейская лаянка на настаўніка. Што здарылася? – пытаюся. Ды гэта не нашы, адказвае, гэта пераважна тыя расейцы, што з Казахстана прыехалі. Дык я ёй тлумачу, што яна, настаўніца беларускай мовы, гаворачы па-расейску, дае дзецям мэсідж – што расейскае лепшае, а нашае традыцыйнае, беларускае – горшае.

Давайце гэта абмяркоўваць, давайце пра гэта гаварыць.

У Беларусі ж адбываецца не літуанізацыя, а русіфікацыя. І менавіта расейская мова — праваднік ладу жыцця, культуры, паводзінаў Расеі, прычым у найгоршым сэнсе. Пра што рэдкія сумленныя расейскія інтэлігенты пішуць – пра велізарную дэградацыю Расеі.

РС. Беларусы – народ, які ўдала прыстасоўваецца да сітуацыі. Вось гэтая вялікая сярэдняя расейскамоўная частка – ім так зручней. І калі ім кажуць: «Вы страляеце ў свой народ», -шмат хто з іх можа і абразіцца. Бо яны гавораць па-расейску, бо гавораць так з дзяцінства. Ці не распалохалі вы іх?

Беленькі: Ні ў якім разе. Наадварот, я абвастрыў гэтую праблему. Я казаў пра ахвярнасць. Людзі ж ахвяруюць сваім часам, калі гадуюць дзіця. Так і тут, патрэбная ахвярнасць, я заклікаў гэтых людзей да ахвярнасці дзеля іх дзяцей і ўнукаў, дзеля іх будучыні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?