РС: Вы заявілі, што перад самітам ЕС у Вільні разам з Радаславам Сікорскім наведаеце ўсе сталіцы краінаў — удзельніц Усходняга партнёрства. Але вы не паехалі ў Мінск. Чаму? Вас там не захацелі прыняць ці вы самі вырашылі не ехаць?
Більт: Тут было некалькі прычынаў. У канчатковым выніку мы з Радаславам Сікорскім вырашылі, што паедзем толькі ў тры сталіцы. А ў тры іншыя мы паслалі дырэктараў нашых палітычных дэпартаментаў. Так што дырэктары шведскага і польскага палітычных дэпартаментаў МЗС былі ў Мінску.
РС: Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года ў Беларусі вы і некаторыя вашы калегі напісалі памятны артыкул, у якім назвалі Аляксандра Лукашэнку «лузерам». Гледзячы на гэта з перспектывы 2013 года, скажыце, што Лукашэнка насамрэч страціў? Ён жа надалей мае ўсё тое, што яму трэба. Ці вы надалей называеце яго «лузерам»?
Більт: Праўда, ён надалей застаецца пры ўладзе. Але ў яго, мякка кажучы, складаныя адносіны з Еўрасаюзам. У яго даволі складаныя адносіны з Расіяй. Эканамічная і сацыяльная сітуацыя краіны, мякка кажучы, не паляпшаецца. Так што Беларусь, безумоўна, апынулася ў цяжкай сітуацыі што да структуры міжнародных адносін. У мяне моцнае ўражанне, што ім у Мінску будзе чым турбавацца ў найбліжэйшыя гады.
РС: Часам немагчыма устрымацца ад іроніі, гледзячы на Усходняе партнёрства, на саміты якога запрашаюць спадара Аліева з Азербайджана, а не запрашаюць спадара Лукашэнку з Беларусі, хоць абодва з іх парушаюць правы чалавека, чаго ўжо хаваць. У чым жа розніца між імі?
Більт: Розніца ў тым, што Лукашэнка няволіць апазіцыю. Усе ключавыя фігуры беларускай апазіцыі былі пасаджаныя ў турму. Сітуацыю ў Азербайджане нельга назваць добрай, але яна адрозніваецца ад сітуацыі ў Беларусі ў гэтым сэнсе.