У 1991 годзе, калі вырашаўся лёс беларускай незалежнасці, камуністычная большасць у Вярхоўным Савеце і кроку не рабіла без аглядкі на Маскву. Сёння, пасля 20 гадоў незалежнасці, мы так і не навучыліся жыць без Масквы. Нават незалежнасць працягваем лічыць ласкай маскоўскіх бонзаў.

Кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы» ломіць гэтую схему і апісвае нашу найноўшую гісторыю з беларускага гледзішча. Гэта гісторыя «беларускага карнавалу» ў XX ст. Але мы не заўсёды маем смеласць паглядзець на падзеі 1991 года беларускім позіркам.

«Калі б не падзеі ў Маскве, то плакала б беларуская незалежнасць», — чуваць з аднаго боку. «Рана ці позна Беларусь і так бы абвесціла незалежнасць», — чутно з другога.

Такія тэорыі можна будаваць да бясконцасці. Але ўсё гэта толькі здагадкі. Тым часам тыя, хто звычайна любіць дзяліць пэўныя з’явы ці працэсы на тысячы нюансаў, раптам кажуць пра адназначнасць: маўляў, самі беларусы былі б не ў стане здабыць незалежнасць.

І мы ў адказ пачынаем нешта мудрыць, шукаць аб’ектывізм у гісторыі, займацца футуралогіяй і ў выніку прыходзім да высновы, што, можа, і сапраўды нам незалежнасць звалілася на галаву.

З трэцяга боку, мы маем рэальны факт — незалежнасць і яе герояў. Сутнасць справы на паверхне: гэта на патрабаванне апазіцыі БНФ 25 жніўня была склікана Сесія Незалежнасці, гэта дэпутаты ад БНФ дамагліся галасавання аб наданні Дэкларацыі аб суверэнітэце канстутыцыйнай моцы, гэта фракцыя БНФ пераконвала дэпутатаў, якія не маглі ў туалет пайсці без дазволу Крамля, прагаласаваць за суверэнітэт і забарону камуністычнай партыі.

Сяргей Навумчык на пальцах паказвае, як справы выглядалі насамрэч. Як даводзілася спрачацца з камуністамі, пераконваць іх, а часам і палохаць (як хаця б у выпадку са стварэннем Нацыянальнай гвардыі на плошчы Леніна 25 жніўня), каб дабіцца выніку — незалежнасці.

А з другога боку бачна, як гэтыя спрэчкі, а часам і прыватныя размовы з апанентамі, давалі плён: камуністы пагаджаліся з дэпутатамі БНФ і галасавалі так, «як трэба».

Навумчык прыводзіць у сваёй кнізе бліскучую прамову Зянона Пазняка напярэдадні галасавання 25 жніўня. Лідар БНФ заклікае камуністаў прагаласаваць за незалежнасць, тлумачыць навошта патрэбен дзяржаўны суверэнітэт і што стане з краінай, калі яго не абвесцяць.

Прамова вартая галівудскага фільма. На плошчы перад Домам урада стаяць дзясяткі тысяч людзей, яны слухаюць жывую трансляцыю з Авальнай залы, пачынаецца стварэнне Нацыянальнай гвардыі.

Пасля прамовы Пазняка адзін за другім выступаюць дэпутаты­камуністы Мачуленка, Кулакоў, Жэбрак. Яны прызнаюць Пазнякову рацыю і просяць сваіх калегаў­дэпутатаў падтрымаць прапанову БНФ і прагаласаваць за назалежнасць.

Выступае прэм’ер Кебіч і таксама заклікае галасаваць за незалежнасць. У той самай зале, дзе яшчэ гадзіны таму незалежнасць была крамольным словам, гучаць апладысменты.

Да закліку Пазняка схіляецца і спікер Станіслаў Шушкевіч, які яшчэ нядаўна называў незалежнасць жартам. Ён выносіць пытанне аб незалежнасці на галасаванне. А 20.12 Беларусь становіцца незалежнай дзяржавай.

Цяпер уявім на хвіліну, што ніякага БНФ няма, ніхто не склікае паседжанне Вярхоўнага Савета. Хто мае выносіць пытанне пра незалежнасць на галасаванне? Анатоль Малафееў, які падтрымаў путч, ці савецкі да мозгу касцей Дземянцей? А можа Аляксандар Лукашэнка, які ўвогуле не браў удзелу ў галасаванні?

Бясспрэчна, шанец на абвяшчэнне незалежнасці даў маскоўскі путч.

Стагоддзі паміж магутнымі суседзямі навучылі беларусаў, што найбольш мы можам дамагчыся тады, калі заходнія і ўсходнія імперыі займаюцца сваімі праблемамі альбо варагуюць.

Але для таго, каб гэты шанец выкарыстаць, патрэбныя эліты ўнутры краіны. Чаго б варты быў гэты маскоўскі імпульс, калі б не было людзей, якія яго своечасова і спрытна выкарысталі?

Ці хтосьці верыць у тое, што, акупаваўшы ў 1918 годзе Беларусь, немцы маглі самі абвесціць БНР без Варонкі, Бурбіса, Зайца і іншых? Ці далі б праз год бальшавікі дазвол на абвяшчэнне БССР, каб не супярэчнасць з БНРаўскімі дзеячамі?

Вольная Польшча, напрыклад, была абвешчаная на другі дзень пасля вяртання з магдэбургскай турмы Юзафа Пілсудскага. Але палякам у галаву не прыйдзе сцвярджаць, што гэта аўстрыйцы, якія яго вызвалілі з няволі, сапраўдныя героі польскай незалежнасці.

«Але ж саюз і так развальваўся на вачах. Яго б нішто не магло ўратаваць», — запярэчыць хтосьці. У ранейшай форме СССР наўрад ці мог існаваць, гэта праўда, але зменены, падшліфаваны і вымыты — мог. Перайменаванне гэтай імперыі і касметычныя папраўкі не змянілі б для беларусаў яго сутнасці — ролі васала ў такім утварэнні.

Планы рэактывацыі Савецкага Саюза былі. Навумчык гэта выдатна даказвае ўспамінамі бліжэйшых паплечнікаў Гарбачова і Ельцына.

У Маскве найменш думалі пра тое, каб як мага хутчэй даць беларусам незалежнасць, адпіхнуць ад Расеі, дазволіць утварыць уласнае войска ды яшчэ вярнуць свае сцяг, герб і гісторыю. Працэсы ўцягвання Беларусі (і не толькі) ў расейскую сферу ўплываў пачаліся адразу пасля распаду СССР і працягваюцца дагэтуль.

У 1991 годзе будучыня Беларусі вырашалася ў Мінску, у зале Вярхоўнага Савета. Гэта выдатна ілюструе яшчэ адзін эпізод, які адбыўся 19 верасня, падчас галасавання ў пытанні дзяржаўнай сімволікі.

Да прыняцця бел­-чырвона-­белага сцяга і герба «Пагоня» не хапае некалькіх галасоў. Пазняк звяртаецца да дэпутата­камуніста Міхаіла Жукоўскага, які пару хвілін да гэтага казаў пра сцяг калабарантаў і катэгарычна адмаўляўся галасаваць за бел-чырвона­-белы сцяг.

Пазняк: «Міхаіл Дзмітрыевіч, нацыянальная дзяржава вышэйшая за ўсялякую партыйную ідэалогію. Калі мы не будзем яе мець, не будзем мець яе нацыянальных сімвалаў, то мы не будзем мець нічога. Мы станем нічым. Я вельмі Вас прашу. Адзін раз у жыцці. Пагаласуйце за сцяг дзеля нашай будучыні. Мы ж — беларусы».

Адказ Жукоўскага: «Добра. Я прагаласую».

І прагаласаваў. Вынік галасавання: 231 голас, роўна столькі, колькі і трэба. Гісторыю, часам, можна змяніць некалькімі словамі. І менавіта так яе змянялі дэпутаты БНФ.

Іншага спосабу проста не існавала, бо дамагчыся незалежнасці і пачаць будаваць дзяржаву можна было толькі галасамі камуністаў. «Тое, што камуністы падтрымалі незалежнасць, таксама робіць ім гонар», — сказаў летась у эфіры «Белсата» Зянон Пазняк.

Але «Дзевяноста першы» — гэта кніга не толькі пра камуністаў і дэпутатаў БНФ у Вярхоўным Савеце. Гэта кніга пра дзясяткі тысяч беларусаў, якія прыйшлі ў беларускі рух на пачатку 90­-х. Без гэтай сілы БНФ быў бы толькі звычайнай абрэвіятурай. Гэта, урэшце, кніга пра тых (і таго), каму гэтая незалежнасць стаяла косткай у горле, але хто сёння карыстаецца ёю напоўніцу.

Аспрэчыць Навумчыка ім бу­дзе вельмі цяжка. Каштоўнасць яго кнігі ў тым, што яна пабудаваная не толькі на ўспамінах, але на дакументах і стэнаграмах. Крытыкам застаюцца агульныя словы тыпу «Навумчык перапісвае гісторыю» і жартачкі «А Пазняк прыдумаў мяккі знак».

Ад 1918 года беларускія эліты дзяліліся на тых, хто бачыў будучыню краіны ў якасці расійскай аўтаноміі, і тых, хто быў за незалежную Беларусь. У 1991 го­дзе гэты падзел быў усё яшчэ актуальны.

З таго часу змянілася шмат. Прыгадваю словы былога І сакратара ЦК КПБ Анатоля Малафеева летась на адным з дзяржаўных тэлеканалаў: «Добра, што мы паставілі на незалежнасць. Аднаўляць СССР сёння няма сэнсу».

У 1918 годзе дзеячы БНР не змаглі даць рады, бо ў палітыцы перамагае не той, хто мае рацыю, а той, хто мацнейшы. У 1991 го­дзе апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце не толькі мела рацыю, але і аказалася мацнейшай за камуністычную большасць. Тыповая для Беларусі справа: перамены нашы героі заўсёды заваёўвалі авангардам.

Гісторыю, як вядома, пішуць пераможцы. Са спазненнем на 20 гадоў мы дачакаліся і сваёй гісторыі пра пераможны 1991 год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?