Давайце я зраблю грэх, напішу дзеля толькі радасці сваіх вачэй. Гэта будзе псеўдакартасар, гэта будзе псеўдадэтэктыў, а можа, эратызаваны навуковы артыкул.

Гэта бу­дзе, вядома, расповед ад першае асобы, каб словы вырываліся самі, пераплятаючы тэкст з адчуваннямі і чаканнямі нутра. Напачатку будзе таямнічая і загадкавая смерць — зарэзаны мужчына ўціснуў плячмі жыта.

Залатыя хвалі разбіваюцца аб чорны правал. Цела на сярэдзіне поля. Нагрэтая сонцам рука ледзь­ледзь варушыцца, сама вядзе асадкай па паперы, накрываючы выгнуты аркуш шэрагамі перакрэсленых і яшчэ не перакрэсленых словаў, быццам цвікамі прыбіваючы аголенае ўкленчанае цела да пісьмовага стала, але аркуш адсунуты ўбок.

Спавітыя сінімі пражылкамі, яе бледныя пальцы ледзь чутна кранаюць маю руку, іх прахалода п’е цяпло з маёй далоні, з запясця, пальцы саслізгваюць на локаць, затрымліваюцца на плячы і ўпіваюцца ў валасы.

Яна кранае мае вусны, пакуль я, заплюшчыўшы вочы, шукаю яе водар. Ад яе пахне жанчынай, і сонцам, і малаком. Цела раптам патыхае агнём, вабіць за сабой, за мяжу, але я прашу хвіліну.

«Дазволь, я дарэжу мужчыну ў жыце,» — мая рука адпускае яе плячо і цягнецца да асадкі, дзесьці на ўскрайку стала затрымаўся аркуш.

«Мужчыну?» — яна кідае позірк на паперу, хутка знаходзіць сярод нагрувашчаных радкоў і думак галоўнае — яго імя. Мы сустракаемся вачыма. Цяпер позірк зусім іншы, гэта ўжо не яна. Вусны яшчэ не выдаюць тае змены, нават здрады.

Яны ўсміхаюцца, але я бачу і вочы, і я бачу ў вачах: «Я не дам табе яго забіць». Яна хапае мяне за вопратку, адной рукой вырывае з крэсла (А дзе другая рука? Ці не яна зараз камячыць аркуш?). Я піхаю яе на канапу.

Так і ёсць: аркуш зацяты ў далоні. Выкрытая, яна ці не чырванее ад злосці. «На! — аркуш ляціць мне ў твар. — Ён не патрэбны мне!» — «І ён табе ніхто?» — «Ніхто!» Ніхто.

Гэта не пра аркуш, гэта пра яго, яшчэ жывога сярод залатых хваляў. Камяк паперы коціцца пад ногі. Цяпер хвалям абступіць іх, прыхаваць, закрыць ад усяго свету і ад мяне. Цяпер жыта будзе біцца іх рухамі, а сонца заліе аголеныя целы жоўцю.

Цяпер яны будуць ляжаць там вечна. Разам. Утомленыя, не прачнуцца, калі побач заківаецца разведзенае калоссе і праз гарачыя сцябліны да іх пацягнуцца рукі. Яны будуць ляжаць вечна і ціха, нерухома, не расплюшчваючы вачэй, не зрушыўшы паветра подыхам.

Я выняў рукі з калосся, разгладзіў аркуш і схаваў яго ў стол. Наталенне, помста, цела яшчэ лёгка дрыжыць, кроў тонкімі штуршкамі перацінае скроні. Пайшоў, пакідаючы за спінай шоргат поля, шоргат асадкі паўз паперу.

Не паўз, а скрозь яе, шоргат колераў на белым тле, і, асабліва ярка — колер крыві і крыві водар, перамяшаны з водарам распаленых целаў, знойдзеных і зарэзаных на самым ускрайку стала, перамагаючы немач стомленай рукі і летнюю задуху пустой кватэры.

***

Аляксей Бацюкоў
Пісьменнік, жыве ў Магілёве. Працуе дырэктарам Музея гісторыі Магілёва, ініцыятар вяртання ў краіну арыгінала Статута ВКЛ.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру