Шпількі для брукаванкі

Аднойчы аўтар гэтых радкоў меў магчымасць цэлы дзень блукаць па Варшаве. Кантраст з Мінскам кідаўся ў вочы: дзяўчаты выбралі для шпацыру балеткі або красоўкі, дзелавыя жанчыны, якія, відавочна, ішлі на працу або па справах – туфлі на звычайнай падэшве. Але амаль ні ў каго не было абцасаў! За ўвесь доўгі летні дзень такіх асобаў я налічыў каля дзесяці. Дый тыя амаль усе ўдзельнічалі ў вясельнай цырымоніі.

Вядома, можна патлумачыць сітуацыю рэлігійнасцю польскіх жанчын, з якой вынікае кансерватыўнасць іх густаў. Але тую ж сітуацыю можна назіраць і ў іншых еўрапейскіх гарадах.

У сталіцах Прыбалтыкі, Паўночнай, Заходняй і Усходняй Еўропы на абцасах прыходзяць толькі на афіцыйныя цырымоніі або на святочныя імпрэзы.

У паўсядзённым жыцці іх выкарыстоўваюць надзвычай мала.

А вось у Беларусі назіраецца адваротная сітуацыя: абцасы даўно сталі часткай паўсядзённага жыцця. У іх дзяўчына ці жанчына ідзе на працу, спатканне, дзелавую сустрэчу, шопінг, размову з сябрамі, у тэатр, кіно або на рынак.

Часам такая прыхільнасць выклікае толькі здзіўленне: падчас турыстычнай экскурсіі на ўласныя вочы бачыў дзяўчыну, якая выбрала 10-сантыметровыя абцасы для знаёмства з цэнтрам Прагі, дзе, у адрозненне ад Мінска, брукаванка, а не асфальт.

Чым абумоўлены такое адрозненне беларусак (а калі браць шырэй – дык і ўкраінак з расіянкамі) ад іншых жыхарак Еўропы?

Прыгажосць. Вертыкальныя лініі. Традыцыя

Тры прычыны, каб выбраць абцасы, відавочныя.

Першая – прыгажосць! Дзяўчына можа апрануць джынсы або штаны, спадніцу (ужо лепш!) або міні-спадніцу (яшчэ лепш!), а для поўнага шчасця выбраць кофтачку з глыбокім дэкальтэ. Але менавіта абцасы дададуць апошні штрых. Таму

назіранне за дзяўчынай на абцасах (асабліва, калі яна любіць фільм «Службовы раман» і на практыцы выкарыстоўвае параду гераіні Ліі Ахеджакавай, сакратаркі Верачкі: «Походка свободная, от бедра»!) – эстэтычная асалода для любога хлопца.

Другая прычына -- вертыкальныя лініі. Абцасы аптычна павялічваюць рост гаспадыні. А доўгія ногі і вялікія абцасы ствараюць адчуванне бясконцасці.

Прычына трэцяя – традыцыя. Малыя дзяўчаткі бачаць, што на абцасах ходзяць іх старэйшыя сёстры, мамы, а цяпер часам і бабулі. Таму іх эстэтычны густ (або звычка) закладваецца ўжо з маленства.

Але пазгадзіцеся, што тры названыя прычыны ўспрымаюцца інтэрнацыянальнымі. Інакш кажучы, такімі матывамі можа кіравацца дзяўчына з любой краіны свету. Чаму ж у Заходняй Еўропе яны не дзейнічаюць? Зразумела, існуе спакуса патлумачыць сітуацыю выключнымі якасцямі характару, якія нібыта ўласцівы беларускім мужчынам. На жаль, як сведчыць рэальнасць, дзве астатнія прычыны тлумачацца іншым. Хоць і тут без мужчын справа, вядома, не абышлася.

 

Наш адказ сексуальнай рэвалюцыі

Чацвёртая прычына, чаму беларускі выбіраюць абцасы, звязана з савецкай традыцыяй. На працягу існавання СССР яго грамадства з’яўлялася надзвычай пурытанскім (калі не лічыць вольнасцяў 1920-х гадоў). Лічылася непрыстойным цалавацца на вуліцах. Жанчыну, якая не была замужам, але нараджала дзіця, асуджалі сваякі і калегі. Жонка магла паскардзіцца ў парткам на мужа, развод для якога станавіўся заканчэннем кар’еры.

У савецкіх фільмах аголенае цела дэманстравалася ў лепшым выпадку літаральна некалькі імгненняў (і тое кожная сітуацыя выклікала асуджэнне і прэтэнзіі з боку прыхільнікаў непахіснай маралі. Таму выраз «у СССР сэксу няма» цалкам адлюстроўваў стаўленне дзяржавы да эратызму і сэксуальнасці.

Згаджуся, у нечым падобная сітуацыя назіралася і на Захадзе. Але толькі ў ХІХ – першай палове ХХ стагоддзя. Пасля сэксуальнай рэвалюцыі 1960-х гадоў шматлікія табу адышлі ў мінулае. А ў СССР яны працягвалі панаваць у грамадстве.

Свае натуральныя праявы жаночыя эратызм і сексуальнасць (падсвядома ці не) знайшлі ці не ў адзінай легальнай форме – у абцасах, якія (хоць у мінімальнай ступені) падкрэслівалі жаноцкасць іх уладальніцы.

Паколькі адкрытыя вербальныя сігналы і свабоднае абмеркаванне пытанняў, звязаных з цялеснасцю, асуджалася, дзяўчаты перайшлі да мовы сімвалаў.

 

Жанчыны ва ўладзе: ці рэальна ў Беларусі?

Нарэшце, пятай прычынай з’яўляецца няроўнасць паміж мужчынамі і жанчынамі. Зноў-такі, параўнаем сітуацыю з Захадам. Прэм’ерам Вялікабрытаніі доўгі час з’яўлялася Маргарэт Тэтчэр. Канцлерам Германіі ўжо даўно з’яўляецца Ангела Мэркель. Адна з найбольш папулярных палітыкаў сённяшняй Францыі – Марына Лё Пэн. Хтосьці справядліва заўважыць, што ўсе яны кіруюцца ў сваіх дзеяннях мужчынскай логікай.

Але ў Беларусі з’яўленне на палітычнай арэне палітыкаў-жанчын амаль немагчымае. Карані такой сітуацыі трэба шукаць яшчэ ў савецкай няроўнасці. Фармальна ў СССР дэкларавалася гендарнае раўнапраўе. Але на практыцы яго праявы былі толькі фармальнымі

(напрыклад, жанчыны мусілі складаць пэўную колькасць адсоткаў сярод дэпутатаў Вярхоўных Саветаў). Ва ўспрыманні постсавецкага грамадства жанчына, якой бы «халоднай» і «жалезнай» ні з’яўлялася, усё роўна застанецца жанчынай. А значыцца, у параўнанні з мужчынамі, будзе мець куды менш шанцаў на паспяховую кар’еру (выключэнні толькі пацвярджаюць агульнае правіла).

Выбіраючы абцасы, жанчыны міжволі прымушаюць мужчын ісці на саступкі, падкрэсліваючы сваю прыгажосць, пры якой недасведчанасць у пэўным пытанні з’яўляецца хутчэй «плюсам», чым «мінусам».

Класічны прыклад – сесіі ў айчынных вузах. Асобныя студэнткі выбіраюць на іспыт такую вопратку, у якой іх аднагодкі з заходняй краіны пайшлі б на спатканне ці ў начны клуб. Цікава, што частка студэнтак магла б здаць іспыт і без дапамогі знешніх эфектаў. Але традыцыі аказваюцца мацнейшымі.

* * *

Зразумела, што ўсе пяць названых прычын наўрад ці падыходзяць для тлумачэння паводзін пэўнай дзяўчыны ці жанчыны. У кожным канкрэтным выпадку магчымае спалучэнне ўсіх пяці пунктаў. Але відавочна, што

пэўнае пурытанства і гендарная няроўнасць па-ранейшаму ўласцівыя нашаму грамадству (хоць і ў меншай ступені, чым у савецкія часы).

На шчасце беларускіх мужчын, абцасы нікуды не знікнуць з жыцця беларусак. Наш свет ужо даўно стаіць не на кітах і чарапахах. Ён трымаецца на жаночых абцасах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?