Набліжаецца пятніца, якая ў нас ужо традыцыйна стала днём кадравых рашэнняў. А ў краіне не запоўненая важная вакансія — Дзяржсакратара Рады бяспекі. Тут выказваюцца самыя розныя версіі, хто ім можа быць прызначаны. Самыя распаўсюджаныя, што я чуў, — гэта Шэйман і Віктар Аляксандравіч. Мне абодва падаюцца малаімавернымі.

Трэцяе прышэсце Шэймана будзе азначаць, што на адносінах з ЕС Мінск паставіў тлусты крыж, бо гэта будзе адназначна кепскі сігнал для Брусэля.

Усіх падазраваных ва ўдзеле ў знікненні апазіцыянераў паступова паздымалі менавіта маючы на ўвазе паляпшэнне адносінаў з Захадам. А цяпер якраз аднаўляюцца спробы лавіравання паміж Расіяй і Захадам. Таму, мяркую, што час Шэймана яшчэ не надышоў. Хаця ён адзін з нямногіх, каму Лукашэнка давярае і хто мог бы заняць пасаду Дзяржсакратара.

Віктар Аляксандравіч. Безумоўна, тое было б дужа лагічна. Дарадца прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы, назапасіў досведу на гэтай пасадзе, фактычна курыруе сілавыя структуры, карыстаецца даверам бацькі. Але: Дзяржсакратар Рады Бяспекі — пасада палітычная, і прызначэнне на яе сына будзе ўспрынята без разумення. І Захадам, і наменклатурай, і электаратам. Гэта ўжо пэўная заяўка на пераемнасць. А ў нас усё ж не Азербайджан і не Чачня. Дый сітуацыя палітычная пакуль што дазваляе ўстрымлівацца да такіх крокаў.

Каму яшчэ можна даверыць такую пасаду?

Андрэй Кабякоў. Амаль сваяк прэзідэнта, праходзіць гарніла кіраўніка АП, праз якое таксама калісьці прайшлі Дзяржсакратары Шэйман, Нявыглас і Латыпаў. Але да бяспекі меў невялікае дачыненне. Гэты хутчэй пойдзе на прэм'ерскую пасаду, пасля таго, як ўрад Мясніковіча не выканае прагнозныя паказчыкі.

Далей: пагранцы Вакульчык, Зайцаў, Рачкоўскі. Калі ў апошніх двух яшчэ не скончыўся «тэрмін адстою» пасля скандальных падзеяў, з якімі быў звязаны іх адыход у цень, то першы, нягледзячы на тое, што быў пастаўлены кіраваць КДБ не так даўно, можа стаць новым Дзяржсакратаром, улічваючы, што лаўка запасных у прэзідэнта надта кароткая. А Валер Паўлавіч зарэкамендаваў сябе з найлепшага боку і ў ААЦ, і ў Следчым камітэце. І з сілавікоў зноў-такі.

Ну і засталася цёмная лашадка - кіраўнік службы бяспекі прэзідэнта Андрэй Уцюрын. Асоба непублічная і малавядомая. Але безумоўна ў даверы ў Лукашэнкі. Дый гісторыя паказвае, што такі прэцэдэнт ужо быў, калі Юры Жадобін перайшоў на пасаду Дзяржсакратара Рады са службы бяспекі (праўда амаль год пабыўшы галоўным чэкістам краіны).

Але ўсё ж вялікая імавернасць, што з новым Дзяржсакратаром будзе як калісьці з Румасам, які збіраўся ў Нацбанк, а прэзідэнт вырашыў, што быць яму віцэ-прэм'ерам па эканоміцы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру