БелТА

Барыс Батура адхілены ад пасады губернатара Мінскай вобласці і накіраваны кіраўніком у ААТ «Барысаўдрэў».

Адпаведнае рашэнне прыняў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы ААТ «Барысаўдрэў». Лукашэнка абвясціў строгую вымову кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Андрэю Кабякову і вызваліў ад пасады яго намесніка Андрэя Тура.

Лукашэнка сёння дэталёва азнаёміўся са станам прадпрыемства, наведаў вытворчыя памяшканні і выказаў крайнюю ступень незадаволенасці ўбачаным.

Пры гэтым частка нараканняў была адрасавана кіраўніцтву Адміністрацыі прэзідэнта за слабую падрыхтоўку самой рабочай паездкі. «Прыехалі сюды як назіральнікі. Таму рыхтуйце праект указа аб вызваленні Тура ад займанай пасады. Па Кабякову — строгая вымова з апошнім папярэджаннем. І вымову памочніку (па Мінскай вобласці), які тут працуе разам з вамі», — распарадзіўся Лукашэнка.

Пра Батуру Лукашэнка сказаў наступнае: «Батуру адхіліць ад займанай пасады і накіраваць сюды кіраўніком. Калі праз тры дні не выйдзе на працу, распачаць паводле яго крымінальную справу».

Лукашэнка таксама запатрабаваў старшыню канцэрна «Беллеспаперапрам» Пераслаўцава «сюды, да яго (Батуры) памочнікам». «Адхіліць ад займанай пасады (кіраўніка канцэрна) і прызначыць сюды», - заявіў А.Лукашэнка.

Звяртаючыся да кіраўніцтва Камітэта дзяржкантролю, Лукашэнка заявіў, што «калі ў вас будуць найменшыя падазрэнні па старшыні канцэрна, па Батуру, па Сямашку (першы віцэ -прэм'ер), то неадкладна ўключайце іх у крымінальную справу».

«Па Сямашку прымем рашэнне пасля таго, як правядзем нараду па дрэваапрацоўцы», — заявіў А.Лукашэнка, — дадае Інтэрфакс.

Лукашэнка таксама запатрабаваў ад міністра будаўніцтва і архітэктуры Анатоля Чорнага «пачынаць працаваць».

«Цябе ратуе толькі тое, што ты тры дні без году тыдзень працуеш. Наводзь жалезны парадак. Ты ведаеш, што рабіць тут. Бо мы будзем хадзіць і вечна кувыркацца: то ў нас валюты не хопіць, то яшчэ нешта. Мы тут загубілі мільёны даляраў».

У час наведвання прадпрыемства А.Лукашэнка змяніў запланаваны маршрут і абышоў усю тэрыторыю завода, зазірнуўшы на аб'екты і тэрыторыі, не прадугледжаныя праграмай наведвання прадпрыемства.

Вялікую долю крытыкі ў свой адрас і атрымалі цяпер ужо былы старшыня Мінаблвыканкама Б.Батура і шэраг іншых чыноўнікаў. «Цяпер надзену кайданкі і пойдзеце ў камеру», — сказаў Лукашэнка. «Мы дамаўляліся, што тут будзе наведзены парадак», — падкрэсліў ён.

У адказ на гэта Батура сказаў: «У мяне проста не дайшлі рукі». На што А.Лукашэнка заявіў: «У мяне дойдуць».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру