Барыс Батура звольнены з пасады старшыні Мінскага аблвыканкама і прызначаны дырэктарам «Барысаўдрэва». «НН» сабрала самыя цікавыя факты пра гэтага харызматычнага чыноўніка.

Photo.bymedia.net

Photo.bymedia.net

1. Быў міністрам яшчэ ў БССР

Барыс Батура – ветэран чыноўніцкага корпусу. Яму ўжо 66 гадоў. Нарадзіўся ў Ваўкавыску. Скончыў Політэхнічны інстытут. Кар’еру пачаў будаваць у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Напрыканцы існавання БССР нават пабыў міністрам ЖКГ. Да яго гэтую пасаду займаў сённяшні прэм’ер Міхаіл Мясніковіч. Іх звязваюць даўнія сувязі і знаёмства.

Потым Батура узначаліў гэтае міністэрства ўжо ў незалежнай краіне. Прычым, меў партфель міністра і пры Кебічу, і пра Лукашэнку. Агулам міністрам ЖКГ Батура прабыў ад 1987 да 1999 — незвычайна доўга для таго бурлівага перыяду.

2. Начальнік Магілёўшчыны

У свой час (2000), калі Батуру прызначалі кіраўніком Магілёўшчыны, вобласць была ў эканамічнай яме. Аднак за гады кіраваньня Батуры крызіс атрымалася пераадолець. Вобласць была адной з першых у краіне па прыцягванні замежных інвестыцый, найперш расейскіх. Увогуле, Батура мае добрыя кантакты з расейскімі бізнэсоўцамі. Казалі, што некалі яму ставілі ў віну ў Адміністрацыі прэзідэнта частыя камандзіроўкі ў Расію. За час ягонага знаходжаньня на пасадзе старшыні аблвыканкаму аблічча Магілёва змянілася толькі ў лепшы бок.

3. У жанчын дыханне становіцца больш частым

На невялікі час з Магілёва Батуру перавялі ў Мінск на пасаду спікера савета рэспублікі. Прайшоў ён туды па «прэзідэнцкай квоце». Былы старшыня Гомельскага аблвыканкама, а сённяшні старшыня Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Якабсон так прадставіў Батуру: «Ён імпазантны мужчына, калі жанчыны праходзяць міма, то ў іх дыханне становіцца больш частым». Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тады папыталася, а ці не перашкодзіць гэта ў працы.

Будучы на пасадзе спікера, Батура заклікаў узмацніць ідэалагічную працу на месцах. Абвінавачваў Еўрапарламент у дыскрымінацыі беларускіх дэпутатаў. Менавіта ён рэпрэзентаваў Беларусь на пахаванні прэзідэнта Польшчы Леха Качынскага.

4. Казаў, што зарабляе 14 мільёнаў

Праўда, сядзеў на сінэкуры ў парламенце Батура нядоўга. Прычым, як паказваюць некаторыя сведчанні, ён сам папрасіўся займаць пасаду старшыні Мінскага аблвыканкама. «Дзякуй прэзідэнту, што адгукнуўся на маю прапанову. Мінская вобласць — адказны ўчастак. Будзем укалваць па поўнай», - сказаў ён тады.

У кастрычніку 2012 Барыс Батура ў інтэрв’ю тэлеканалу СТВ прызнаваўся, што сам ездзіць на працу на машыне, шафёра не мае, а таксама агучыў заробак. «Ну, нармальны заробак. Дзякуй кіраўніку дзяржавы. Апошнім часам выходзіць дзесьці 14 мільёнаў».

Адзіным сваім хобі Батура называў гульню ў вялікі тэніс. Хаця сам узначальваў федэрацыю валейбола.

5. «Я нічога не планую, у нас прэзідэнт усё плануе»

За час працы «губернатарам» Міншчыны Батура запомніўся лабіраваннем інтарэсаў кітайскай тэхналагічнага парку пад Смалявічамі, праціўнікаў жа называў «пячорным людзьмі». Размаўляючы з мясцовымі жыхарамі ў 2012 годзе ён сказаў наступную фразу: «Я не гаспадзін, я — таварыш».

Хаця гэта не адзіны афарызм ад чыноўніка. Яшчэ быўшы на пасадзе старшыні Магілёўскага аблвыканкама Батура сказаў цікавую фразу: «Я нічога не планую. У нас прэзідэнт усё плануе…» Цяпер прэзідэнт запланаваў для Батуры працу на «Барысаўдрэве», Батуру ж застаецца толькі згадзіцца і з гэтым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?