Алена Рыбак.
Пра гэта паведаміў А. М. Крывальцэвіч, дырэктар акцыянернага таварыства «Інфаэксперт», якому падпарадкаваны «Карандаш».
Гэтак спадар Крывальцэвіч адрэагаваў на звароты барысаўскіх праваабаронцаў Ігара Ледніка і Алега Мацкевіча, якія публічна выказалі абурэньне дзеяньнямі Алены Рыбак у гісторыі з мапай Усходніх могілак «Беларускі нэкропаль», паведамляе радыё «Свабода».
У прыватнасьці Алег Мацкевіч папярэдзіў пра свой намер зьвярнуцца ў пракуратуру, бо палічыў, што супрацоўнікі цэнтру «Карандаш» злоўжывалі сваімі службовымі паўнамоцтвамі, з-за чаго былі парушаныя ягоныя правы на інфармацыю.
Нагадаем, напярэдадні Дзядоў Радыё Свабода падрыхтавала мапу Ўсходніх могілак «Беларускі нэкропаль» з пазначэньнем магілаў 50 выбітных беларусаў, якія прысьвяцілі жыцьцё беларускай справе, культуры ці мове.
Аднак менская друкарня палічыла яе антыдзяржаўнай агітацыяй і адмовілася браць замову. Наклад мапы меў вырабіць друкавальны цэнтар «Карандаш», які знаходзіцца на плошчы Незалежнасьці ў Менску.
На этапе падрыхтоўкі да друку пытаньняў ня ўзьнікла: напярэдадні былі вырабленыя пробныя асобнікі і складзеная замова. У дзень, калі меліся друкаваць мапу, адміністратарка друкарні Алена Рыбак заявіла, што лічыць матэрыялы агітацыйнымі, а радыё Свабода, сайт якога пазначаны на мапе, — антыдзяржаўным, а таму цэнтар адмаўляецца іх друкаваць.
«З улікам сур’ёзнасьці і важнасьці Вашага звароту для нашай кампаніі на час пэрыяд праверкі Алена Рыбак будзе адхіленая ад выкананьня абавязкаў мэнэджэра», — паведаміў у сваім адказе 6 лістапада дырэктар «Інфаэкспэрта» А.М. Крывальцэвіч.