У свае гады Вера Лін усё яшчэ цудоўна выглядае.

У свае гады Вера Лін усё яшчэ цудоўна выглядае.

І ці памятае хто-небудзь, што пра гэта пытаў у 1979 годзе Роджэр Уотэрс у кампазіцыі «Вера» з пінкфлойдаўскага альбома «Сцяна»?

Вера Лін сапраўды гэта казала. Вера Лін, якая была каралевай брытанскай эстрады ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. Сустрэчу ў адзін з сонечных дзён яна абяцала тым, хто ішоў на смерць.

Упершыню гэтыя словы прагучалі ў 1939 годзе. Нейкія дваццаць гадоў пражылі еўрапейцы пасля вайны, якую назвалі вялікай. Той вайны, што прымусіла іх казаць: гэта не павінна паўтарыцца, чаго б тое ні каштавала!

«Абы не было вайны», — магія гэтай мантры прымушала самыя розныя нацыі забыць праўду «Si vis pacem, para bellum». Брытанскі прэм'ер Чэмберлен вельмі хоча верыць, што з дыктатарам можна дамовіцца. Таму ён, вярнуўшыся з Мюнхена, кажа сваёй нацыі: «Я прывёз мір нашаму часу». Дыктатар лічыць «змагароў за мір» «убогімі чарвякамі». Калі ён уваходзіць у Пражскі Град, ён адзначае: «Я зрабіў гэта сапраўды элегантна». Хай яны толькі з'явяцца яшчэ з прапановамі міру – ён спусціць іх з лесвіцы, «нават калі… самому давядзецца даць ім нагой у бруха!»

Дваццаць гадоў еўрапейскія палітыкі імкнуцца захаваць мір для свайго часу: дваццаць гадоў марнай дзейнасці. Еўропа зноў апранаецца ў вайсковыя шынялі. Каго ў гэтым вінаваціць? Тых, хто за дваццаць гадоў так нічога і не здолеў зрабіць, хоць зроблена было шмат? А людзям што да таго? Іх справа — ваяваць. І верыць, што сустрэча яшчэ будзе. Французскі паэт Луі Арагон, навабранец 1917 года, піша пра навабранцаў года 1939-га: «Годны для ветру, годны для цемры, годны для марозу…» А Вера Лін кажа: «Працягвай усміхацца, як ты заўжды рабіў…» Дыктатар граміць Польшчу, Нідэрланды, Бельгію, Францыю, брытанцаў у Дзюнкерку. А Вера Лін кажа: «Блакітныя нябёсы знясуць цёмныя хмары ўдалечыню». І брытанскія вайскоўцы называюць Веру найлепшай спявачкай.

Што за тупы аптымізм — спяваць пра будучую сустрэчу людзям, якія ідуць на смерць? Хіба быць песімістам — гэта не больш мудры выбар? Песімістам і скептыкам. Што б сказалі сучасныя эксперты пра перспектывы Брытаніі ў сярэдзіне 1940 года? Не-не-не, не зазіраючы ў падручнікі гісторыі, а зыходзячы з таго, што было. Ці можна процістаяць у ваенны час дыктатару, якому прайгралі ў час мірны? Які разграміў самыя моцныя еўрапейскія арміі, і патэнцыял Еўропы цяпер працуе на яго? Якому СССР пастаўляе харчаванне і стратэгічныя матэрыялы, а Злучаныя Штаты не жадаюць лезці ў праблемы Старога Свету?

Ці мудра было верыць у той час, калі, можна казаць, ключы ад Букінгемскага палаца знаходзіліся ў Берліне, што цёмныя хмары будуць знесеныя ўдалеч? Ці мудра было абяцаць брытанскім жаўнерам, якія ішлі ў бой у Егіпце, Індыі ці Бірме, нейкія будучыя сустрэчы? Тысячы з іх загінуць — дык скажыце ім праўду. Хлопчык Пінк — герой «Сцяны» — не дачакаецца свайго бацькі. А перад ім самім замест нацыстаў паўстане глухая сцяна хлусні, цынізму, абыякавасці, паліцэйскіх шчытоў і грамадскага меркавання, якое не можа памыляцца. Ён і сам зробіцца часткай гэтай сцяны. Заслона.

Але Вера Лін упарта кажа: «Не ведаю, дзе, не ведаю, калі, яле я ведаю: мы сустрэнемся ў адзін з сонечных дзён. Працягвай усміхацца, як ты гэта робіш…» Не было выпадку ў гісторыі, калі песімізм прывёў бы да перамогі. Толькі аптымізм, якім бы недарэчным ён часам ні падаваўся. Аптымізм дазваляе змадэляваць будучыню такой, што за яе хочацца змагацца. Песімізм — не. Таму, калі хочаш перамагчы нацыю, пераканай яе, што песімізм — гэта мудра.

А «Мы яшчэ сустрэнемся» зрабілася самай папулярнай песняй у Брытаніі і адной з самых папулярных песень часоў Другой сусветнай. Хіба жаўнеры не разумелі, што іх чакае? І хіба замінала ім гэта верыць у сустрэчу, што адбудзецца сонечным днём? І, уласна кажучы, гэта дапамагло ім перамагчы. Гэта відавочнасць, пра якую мала хто памятае. Роджэр Уотэрс слушна задае пытанні.

Хоць і памыляецца. Веру Лін не забылі. Нават калі глядзець па вонкавых праявах. Вось, напрыклад, у гады Халоднай вайны песню «Мы яшчэ сустрэнемся» ўключылі ў спіс з 20 песень, якія мусілі гучаць праз ацалелыя радыёстанцыі ў першыя сто дзён пасля магчымай ядзернай атакі. Бо любому, хто апынуўся ў крытычным стане, аптымізм жыццёва неабходны. Штогод 5 траўня песня гучыць на канцэрце ў Амстэрдаме, які даецца ў гонар завяршэння вайны. У 1995-м Вера сама спявала яе ў Букінгемскім палацы ў гонар 50-годдзя перамогі ў Еўропе. Праз дзесяць гадоў яна выступіла з прамовай на Трафальгарскай плошчы. А ў 2009-м яе зборнік «Мы яшчэ сустрэнемся: Найлепшае Веры Лін» заняў першае месца ў брытанскім чарце музычных альбомаў. Веры тады было 92 гады. Цяпер ёй 96, і яна працягвае жыць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?