На пасяджэнні Савета міністраў 12 лістапада дадзена ацэнка выканання асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў студзені—верасні 2013 года.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, адзначана, у прыватнасці, што па выніках дзевяці месяцаў не выкананы сем з дзевяці важнейшых параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2013 год, у тым ліку па тэмпах росту ВУП (101,1%) і экспарту тавараў і паслуг (81,4%) у студзені—жніўні, сальда знешняга гандлю — мінус 0,3% да ВУП. 

Многія з кіраўнікоў міністэрстваў, паводле слоў прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, не стрымалі свае абяцанні па дасягненні тых ці іншых паказчыкаў.

«На падставе вашых запэўніванняў урадам прымаліся адпаведныя кіраўнічыя рашэнні па макраэканамічным рэгуляванні, — адзначыў Мясніковіч, звяртаючыся да прысутных. — Цяпер з-за неабавязковасці некаторых кіраўнікоў пакутуюць усе. Гэта, я лічу, непрыстойнае стаўленне да сваіх уласных запэўніванняў і да калег». 

Паводле слоў прэм'ер-міністра, арганізацыя працы па прыватызацыі ў гэтым годзе ў цэлым правалена: на 50% выканалі гадавое заданне Мінпрам, Мінэнерга, «Белдзяржхарчпрам», «Беллегпрам», а таксама Брэсцкая, Віцебская і Гродзенская вобласці.

Натуральна, гэта ўскладніла валютны баланс дзяржавы. «Неабходна правесці карэнную перабудову ўсёй сістэмы працы па прыватызацыі і кіравацца строга патрабаваннямі кіраўніка дзяржавы», — лічыць Мясніковіч. Ён адзначыў, што сёння ніякіх забаронных ці абмяжавальных спісаў няма: «Праводзіцца адкрыты конкурс па пэўным прадпрыемстве». 

Прэм'ер даў даручэнне, паводле якога Дзяржкаммаёмасць на працягу тыдня павінна ўнесці ў Саўмін заданне ў разрэзе міністэрстваў і рэгіёнаў па прыцягненні валюты ад прыватызацыі ў чацвёртым квартале гэтага і першым квартале 2014-га ў аб'ёме не менш як 1,5 млрд. долараў з замацаваннем персанальнай адказнасці. 

«Прыток гэтых сродкаў у золатавалютныя рэзервы пазітыўна паўплывае на стабілізацыю крэдытна-дэпазіцыйнага рынку, і будзе магчымым зніжэнне стаўкі па рублёвых крэдытах», — растлумачыў Мясніковіч. 

Мінэканомікі сумесна з Мінфінам і іншымі зацікаўленымі ведамствамі даручана забяспечыць каардынацыю працы па падрыхтоўцы да 10 снежня 2013 года на ўсіх узроўнях дзяржаўнага і гаспадарчага кіравання праектаў дакументаў па дасягненні паказчыкаў і вырашэнні мэтавых задач прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2014 год, у тым ліку плана фінансавання дзяржпраграм і мерапрыемстваў, увязанага па аб'ёмах і крыніцах, а таксама сістэмы кантролю за яго выкананнем. 

У апошнія два месяцы гэтага года першачарговай задачай урада названа забеспячэнне збалансаванага развіцця эканомікі і паляпшэння фінансава-эканамічнага стану арганізацый за кошт нарошчвання экспарту і зніжэння знешняй дэбіторскай завінавачанасці, скарачэння складскіх запасаў гатовай прадукцыі і павышэння рэнтабельнасці продажу, а таксама аператыўнай і безумоўнай рэалізацыі плана сумесных дзеянняў урада і Нацбанка па структурным рэфармаванні і павышэнні канкурэнтаздольнасці эканомікі краіны. 

Кіраўнікам арганізацый усіх форм уласнасці даручана забяспечыць узорны парадак на вытворчасці і прылеглых тэрыторыях.

Жорсткі кантроль за выкананнем гэтага даручэння павінны забяспечыць санітарна-эпідэміялагічныя службы і мясцовыя органы ўлады. 

Міністэрству фінансаў і Нацбанку сумесна з ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» неабходна забяспечыць перадачу актываў ААТ «Белаграпрамбанк» у мэтах рэсурснай падтрымкі крэдытавання дзяржаўных праграм у IV квартале 2013 года. Таксама сумесна з ААТ «ААБ Беларусбанк», аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам забяспечыць да канца года рэалізацыю ўзгодненых рашэнняў па фінансаванні жылых дамоў, што ўводзяцца сёлета, а таксама аб'ектаў інжынернай і транспартнай інфраструктуры да іх. 

Урад мае намер звярнуцца да Нацбанка па забеспячэнне сумесна з банкамі ў IV квартале гэтага года зніжэння ставак на дэпазітна-крэдытным рынку, рынку міжбанкаўскіх крэдытаў і па інструментах рэгулявання ліквіднасці банкаўскай сістэмы, вызначыўшы арыенцірам для іх устанаўлення стаўку рэфінансавання Нацбанка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?