Самы танны турпакет з білетамі на зімовую Алімпіяду-2014 у Сочы будзе каштаваць у Беларусі 45,6 тыс. расійскіх рублёў (каля 12,8 млн беларускіх, або пад 1 400 даляраў у ЗША паводле сённяшняга курсу).

Аб гэтым у сераду журналістам на прэс-канферэнцыі, прысвечанай пачатку рэалізацыі турпакетаў, паведаміла намеснік начальніка аддзела ўнутранага турызму РУП «Цэнтркурорт» Ірына Кульцяшова.

РУП «Цэнтркурорт» мае эксклюзіўныя правы субагента на рэалізацыю турпакетаў на Алімпіяду-2014.

У турпакет коштам 45 тыс. 566 расійскіх рублёў уваходзіць наступны набор паслуг:

пражыванне ў комплексе адпачынку «Беларусь» на працягу 5 дзён і 4 начэй з 13 па 17 лютага 2014 года, размешчаным у пасёлку Чырвоная Паляна, пералёт па маршруце Мінск - Сочы - Мінск рэйсам «Белавія», а таксама наведванне чатырох матчаў хакейнага турніру Алімпіяды, у якіх сустрэнуцца зборныя Швейцарыі і Швецыі, ЗША і Расіі, Расіі і Славакіі, Фінляндыі і Канады.

54 тыс. 200 расійскіх рублёў (1 640 даляраў) будзе каштаваць турпакет з пералётам і пражываннем, які ўключае білеты на 4 падзеі розных відаў спорту, сярод якіх фігурнае катанне (кароткая праграма), біятлон (індывідуальная гонка на 15 км), хакейны матч ЗША - Расія, скорасны бег на каньках (1500 м).

Самы дарагі турпакет абыдзецца беларускім балельшчыкам у 116 тыс. расійскіх рублёў (3 500 даляраў). У яго ўвойдуць акрамя пражывання і харчавання білеты на наведванне 14 розных спаборніцтваў.

РУП «Цэнтркурорт» рэалізуе 1420 турпакетаў з білетамі на Алімпійскія гульні ў Сочы, а таксама каля 200 білетаў на асобныя спаборніцтвы. Астатнія білеты, выдзеленыя Нацыянальнаму алімпійскаму камітэту Беларусі па квоце ад Міжнароднага алімпійскага камітэта, будуць размеркаваны сярод удзельнікаў алімпійскай сям'і (у іх ліку члены нацыянальнай алімпійскай каманды Беларусі, іх блізкія сваякі, члены беларускіх нацыянальных федэрацый па відах спорту), расказаў генеральны сакратар НАК Беларусі Георгій Катулін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?