Следчы камітэт паведаміў пра арышт яшчэ нядаўна гендырэктара хакейнага клуба «Юнацтва» Эдуарда Зотова.

Гэтую інфармацыю агучылі ўчора — праз некалькі дзён пасля таго, як стала вядома аб звальненні чыноўніка, піша «Прессбол».

Афіцыйна аб пературбацыі ў вышэйшым кіраўніцтве шасціразовых чэмпіёнаў краіны не паведамлялася. Паводле неафіцыйнай жа інфармацыі прычына адстаўкі — зацягванне тэрмінаў здачы ў эксплуатацыю «Чыжоўка-Арэны», будаўніцтва якой знаходзілася ў вядзенні хакейнага клуба як кіруючай арганізацыі.

Цяпер Эдуард Зотаў у турме, і гэта было афіцыйна пацверджана прэс-сакратаром Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Паўлам Травулькам.

«У дачыненні да грамадзяніна Зотова заведзеная крымінальная справа па ч.3 арт. 210 «Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі». На час правядзення следчых дзеянняў мерай стрыманьня абрана ўзяцце пад варту. Гэта пакуль усё, што я магу паведаміць».

«Юнацтва» існуе ў прывілеяваным становішчы і мае гіганцкі бюджэт — як і ўвесь беларускі хакей, улюбёны спорт Аляксандра Лукашэнкі. Трэнер «Юнацтва» Міхаіл Захараў гуляе ў прэзідэнцкай хакейнай камандзе і жыве ў «Драздах». «Чыжоўка-Арэна» мае стаць другой арэнай сусветнага хакейнага чэмпіянату, што пройдзе ў Мінску ў 2014.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?