52-гадовы Шапіра да гэтага ён узначальваў Гродзенскую вобласць. Перад тым ён быў міністрам сельскай гаспадаркі, а яшчэ раней — дырэктараваў у вялікім аграпрадпрыемстве ў Дзяржынску (Койданаве). У тыя часы ён уваходзіў у кіраўніцтва Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

Шапіра — сын вядомага вучонага-аграрніка, і сам доктар навук.

У Гродне да яго не было прэтэнзій з боку кіраўніка дзяржавы. Затое грамадскасць была ўзрушаная звальненнямі і выклікамі ў КДБ выкладчыкаў Гродзенскага ўніверсітэта. Звольніць Чарнякевіча загадаў асабіста Сямён Шапіра: «Ва ўніверсітэце 16 чалавек, якія заклікаюць звергнуць уладу», — заявіў тады ён на сустрэчы з выкладчыкамі.

Пасада старшыні аблвыканкама эканамічна найважнейшай вобласці стала вакантнай пасля гучнай адстаўкі Барыса Батуры. Аляксандр Лукашэнка звольніў гэтага ветэрана чынавенскага корпуса, звінаваціўшы ў нядбайнасці пры мадэрнізацыі аб'яднання «Барысаўдрэў».

Новым старшынёй Гродзенскага аблвыканкама стаў выхадзец з Магілёўскай вобласці Уладзімір Краўцоў. Ён працаваў намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама, пасля чаго перасеў у сінекуру старшыні камісіі па эканоміцы палаты прадстаўнікоў.

60-гадовы Краўцоў родам з Расіі, з Ленінградскай вобласці. Кар'еру ён зрабіў у КПСС, у Магілёве. Пасля кароткага перыяду працы ў бізнэсе пасля 1991, ён вярнуўся ў аблвыканкам, дзе і быў заўважаны і пераведзены ў Мінск.

Да Шапіра Гроднам таксама кіраваў магілёвец — Уладзімір Саўчанка.

Біяграфія Сямёна Шапіры (паводле БелТА)

Сямён Шапіра нарадзіўся ў 1961 годзе ў вёсцы Рачэнь Любанскага раёна Мінскай вобласці. Доктар эканамічных навук, прафесар. Працаваў галоўным эканамістам саўгаса «Камсамолец» (Дзяржынскі раён), старшынёй СКП «Маяк» (Дзяржынскі раён ). У 1998-1999 гадах — дырэктар Беларускага навукова-даследчага інстытута эканомікі і інфармацыі аграпрамысловага комплексу.

У 1999-2004 гадах працаваў у сістэме Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі. З 2004 года - генеральны дырэктар ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі». З красавіка 2008 года - міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі. З мая 2010 года старшынёй Гродзенскага аблвыканкама.

Біяграфія Уладзіміра Краўцова (паводле БелТА)

Уладзімір Краўцоў нарадзіўся ў 1953 годзе ў горадзе Падпарожжа Ленінградскай вобласці. У 1975 годзе скончыў Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут, у 1991 — Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС.

У 1975—1979 гадах працаваў майстрам, механікам, намеснікам начальніка цэха Магілёўскага аўтазавода імя Кірава. У 1979—1981 гадах быў інструктарам Магілёўскага гаркама КПБ, у 1981-1983 гадах — загадчыкам прамыслова-транспартнага аддзела Кастрычніцкага райкама КПБ Магілёва, у 1983—1985 гадах - інструктарам Магілёўскага абкама КПБ. У 1985—1991 гадах з'яўляўся сакратаром парткама Магілёўскага аўтазавода імя Кірава, другім сакратаром Магілёўскага гаркама КПБ. З 1991 года працаваў выканаўчым дырэктарам Магілёўскай рэгіянальнай асацыяцыі міжгаліновага дзелавога супрацоўніцтва «ІНІН», з 1997 года — намеснікам дырэктара ТАА «МП Рух» Магілёва. З 1998 года — дырэктарам таварыства з дадатковай адказнасцю «Трансэнерга-Захад» Магілёва.

У 2001-2002 гадах займаў пасаду старшыні камітэта эканомікі і рынкавых адносін Магілёўскага аблвыканкама, у 2002—2007 гадах быў намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама, а ў 2007—2012 гадах — першым намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама.

З 2012 года з'яўляўся старшынёй Пастаяннай камісіі палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па эканамічнай палітыцы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру