Сямён Шапіра прызначаны старшынём Мінскага аблвыканкама. Пасада вызвалілася пасля скандальнай адстаўкі Барыса Батуры.

«Наша Ніва» сабрала пяць фактаў пра новага абласнога кіраўніка. 

Пераемны доктар эканамічных навук

Шапіра — адзін з нямногіх дактароў навук у беларускай уладзе, прычым такое ж званне меў і яго бацька, эканаміст-аграрнік Барыс Шапіра.

Тэмай даследавання Сямёна стала «Кіраванне ў аграпрамысловым комплексе пры фарміраванні рынкавых адносін». Як найбольш эфектыўна перайсці ад планавай да рынкавай эканомікі? Ён прапаноўваў рэформу міністэрства сельскай гаспадаркі: скараціць кіруючы апарат на 50% і накіраваць іх у сферу вытворчасці.

Дзіва што ў сярэдзіне 1990-х Сямён Шапіра уваходзіў у кіраўніцтва Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

Стваральнік аграпрамысловых комплексаў

Ролю новапрызначанага губернатара Міншчыны ў выбары стратэгіі эканамічнага развіцця краіны немалая. Менавіта яму прыпісваюць ідэю стварэння буйных аграпрамсловых комплексаў ва ўсёй краіне.

А сам Шапіра, пралабіраваўшы ўзбуйненне агракамбіната «Дзяржынскі», стаў яго дырэктарам. Не атрымліваючы вялікіх дзяржаўных датацый, ён дэманстраваў добрыя вынікі працы.

З Дзяржынска Шапіра перасеў у крэсла міністра сельскай гаспадаркі. Пасля яго перавялі ў Гродна.

Не апраўдаў надзеі

Папярэднік Шапіры на пасадзе гродзенскага губернатара Уладзімір Саўчанка пратрымаўся на гэтым месцы амаль дзесяць гадоў, заслужыўшы славу знішчальніка гістарычнай часткі Гродна. Пачуць пра Саўчанку хоць якое добрае слова было складана — імідж самадура замацаваўся за ім трывала.

Ад Шапіры чакалі хаця б чалавечага стаўлення да людзей. У першыя месяцы працы ён апраўдваў чаканні, але… Усё стала на свае месцы падчас эканамічнага крызісу. Чаўнакі, якія перакрылі ў знак пратэсту мяжу, патрабавалі сустрэчы з губернатарам. Але дыялогу не атрымалася. Раззлаваўшыся, Шапіра з’ехаў, а замест яго «на размову» з чаўнакамі прыехаў АМАП.

Пералічваў нязгодных у Гродзенскім універсітэце

У яшчэ больш непрыемную гісторыю Шапіра трапіў сёлета падчас скандалу з падручнікам «Гродназнаўства» і расправы з ягонымі аўтарамі. Замест таго, каб адмаўчацца, Шапіра вырашыў прадэманстраваць сваю «шчырасць». «Наконт Чарнякевіча прымаў загад я асабіста», — раскрыў таямніцу звальнення гісторыка і дацэнта ГрДУ Шапіра.

«Напісалі падручнік і надрукавалі за мяжою. За чые грошы? — абураўся ён падчас прэзентацыі новага рэктара ўніверсітэта. — Не, каб да мяне прыйсці і пагаварыць!».

Канчаткова шакаваў прысутных Шапіра, заявіўшы, што рэгулярна чытае зводкі КДБ: «Ва ўніверсітэце шаснаццаць чалавек, якія заклікаюць звергнуць уладу». Пералічваць імёны няўгодных ён не стаў.

Часовы беларусізатар

Шапіра запомніўся і спробай мяккай беларусізацыі гродзенскіх чыноўнікаў. У канцы 2010, падчас грамадска-палітычнай лібералізацыі ў краіне, Гродзенскі аблвыканкам перайшоў на беларускую мову.

Гэта быў не загад, а «пажаданне» губернатара. У выніку нарады пачалі праводзіцца па-беларуску, ды і дакументацыя вялася на нацыянальнай мове. Эксперымент пратрымаўся нядоўга — курс у краіне змяніўся пасля разгрому Плошчы ў 2010-м. Змянілася і мова ў Гродзенскім аблвыканкаме.

* * *

Эксперты «НН» паставілі Шапіру на 28-е месца ў сёлетнім рэйтынгу «Топ-100 самых уплывовых беларусаў». «Далейшую кар'еру Шапіры прадугадаць складана — ён можа і сысці ў старшыні калгаса, і трыумфальна вярнуцца ў Мінск». Аляксандр Лукашэнка абраў для яго другі варыянт.

* * *

Біяграфія

Нарадзіўся ў 1961 г. у вёсцы Рачэнь на Любаншчыне. Закончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі. Працаваў галоўным эканамістам і старшынёй калгасаў у Дзяржынскім раёне. У 1999—2004 — у структуры Міністэрства сельскай гаспадаркі, у 2004—2008 — генеральны дырэктар «Агракамбіната Дзяржынскі». У 2008—2010 — міністр сельскай гаспадаркі. У 2010-2013 — старшыня Гродзенскага аблвыканкама, з 2013 – старшыня Мінскага аблвыканкама.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?