«Польшча прырэчаная да супрацоўніцтва з Беларуссю. У нас супольная мяжа, і мы будзем рабіць усё магчымае для ўцягнення Беларусі ў дыялог».

Пра гэта паведаміў пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

«На жаль, адносіны паміж нашымі краінамі залежаць ад адносінаў паміж Беларуссю і ЕС, і цягам трох гадоў мы знаходзімся ў тупіку, — заўважыў пасол. — ЕС — самы вялікі сусветны рынак, пры гэтым ён знаходзіцца пад бокам у Беларусі, і калі праводзіць мадэрнізацыю, чаму б не засяродзіцца на ім? Мы пастаянна прадастаўляем беларускім уладам шанец на супрацоўніцтва, але яны не адказваюць».

Шарэпка нагадаў, што Беларусь — трэці па велічыні гандлёвы партнёр Польшчы з краін Усходняй Еўропы, а Польшча для Беларусі, паводле польскай статыстыкі, з'яўляецца шостым самым буйным эканамічным партнёрам.

«У мінулым годзе таваразварот паміж нашымі дзяржавамі склаў 3 мільярды даляраў: 2 мільярды імпарту з Польшчы і мільярд даляраў экспартаваных беларускіх тавараў.

Мы прагназуем прыблізна такую ж лічбу ў гэтым годзе. За 8 месяцаў 2013 г. таваразварот ужо склаў 2 мільярды. Аднак калі б усе супярэчнасці паміж Польшчай і Беларуссю былі ліквідаваныя, патэнцыяльны росту таваразвароту мог бы перасягнуць у два-тры разы», — сказаў пасол.

Зусім не асаблівая Беларусь

Шарэпка не абмінуў увагаю і пытанне саміта Усходняга партнёрства, на які запрасілі і прадстаўнікоў ад Беларусі, а таксама пазіцыю Брусэля. Пасол чарговы раз падкрэсліў, што ЕС дае кожнаму розныя магчымасці, і галоўнае адрозненне ў іх выкарыстанні.

Што тычыцца віленскага саміта і месца Беларусі на ім, яно наўрад ці будзе цэнтральным. Ёсць шмат неадкладных пытынняў з Украінай і Малдовай.

Так, з Украінай ЕС можа размаўляць на ўзроўні канкрэтных законаў. А ў Беларусі няма нават пагаднення аб супрацоўніцтве з ЕС. Расія падпісала такое пагадненне, а ў Беларусі базіс для дыялогу адсутнічае дагэтуль. Як у такіх умовах можна размаўляць пра супрацоўніцтва?» — сказаў Шарэпка.

Пасол Польшчы нагадаў, што ўжо тры гады беларускі бок марудзіць з пагадненнем аб малым памежным руху з Польшчай.

«Польшча падтрымлівае ідэю бязвізавага рэжыму з Беларуссю — бо да ўвахода Польшчы ў Шэнгенскую зону паміж нашыі краінамі не было віз.

Але мы не можам выходзіць за межы візавай палітыкі ЕС і прадпрымаць нешта ў аднабаковым парадку. У нас ёсць шэраг прапаноў для Беларускага ўрада, але яны пакуль застаюцца без адказу», — сказаў ён.

Шарэпка таксама заўпэўніў, што Польшча распрацоўвае новую сістэму апрацоўкі заяваў на атрыманне візаў, якая вырашыць існыя праблемы.

«Калі б народ патрабаваў, паслы размаўлялі б па-беларуску»

Прэс-канферэнцыю Лешак Шарэпка праводзіў па-расійску, таму журналіст «НН» спытаўся, ці неабходна для пасла валодаць беларускаю мовай?

«Я мяркую, што пасол мусіць валодаць дзяржаўнаю мовай краіны, у якой працуе. Так сталася, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, большасць насельніцтва карыстаецца расійскай мовай, я ведаю расійскую, і гэта трошкі разгультоўвае мяне. Да таго ж польская і беларуская мова вельмі падобныя, і я без праблем чытаю па-беларуску. Аднак калі б народ размаўляў па-беларуску і патрабаваў тое самае ад паслоў, яны б таксама размаўлялі па-беларуску», — патлумачыў ён.

Але Шарэпка расказаў, што яго дачка наведвае беларускамоўны дзіцячы садок, але трошкі «блытаецца ў мовах», бо папярэдне вучыла ўкраінскую, а дома з ёю размаўляюць па-польску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?