Ліберальна-дэмакратычная партыя выступае супраць рэалізацыі ініцыятыў улад па ўвядзенні пошліны на права ўдзелу транспартнага сродку ў дарожным руху. Аб гэтым заявіў намеснік старшыні партыі Алег Гайдукевіч 14 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Нагадаем, 12 лістапада на сумесным пасяджэнні некалькіх парламенцкіх камісій у Палаце прадстаўнікоў было заяўлена, што ўрад прапрацоўвае пытанне аб увядзенні дзяржаўнай пошліны за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. Таксама падрыхтаваны праект дакумента, які прадугледжвае ўвядзенне падатку на дармаедаў.

«Мы што, мала плацім? — задаўся пытаннем Гайдукевіч. — Мы плацім за тэхагляд, за дарогі, падаткі. Падстаў для ўвядзення яшчэ аднаго транспартнага падатку няма».

На яго думку, з такой ініцыятывай мог выступіць «толькі чыноўнік, які атрымлівае некалькі тысяч долараў, а не просты рабочы».

Таксама Гайдукевіч заявіў, шо ЛДП не можа падтрымліваць ініцыятыву па ўвядзенні падатку на беспрацоўных.

«Зноў усё робіцца не так. Спачатку няхай апублікуюць праект дакумента, каб стала зразумела, з каго ўлады збіраюцца збіраць падатак. Сённяшнія выказванні прадстаўнікоў улады без канкрэтыкі — гэта карупцыя і бюракратыя», — лічыць ён.

«Калі падатак збіраюцца браць з багатых людзей, якія жывуць у катэджах, не плацяць падаткі, — гэта добра. Але ў такім выпадку, дзе АБЭЗ, чаму гэтыя людзі не плацяць падаткі і за гэта не сядзяць у турме?» — дадаў Гайдукевіч.

Ён не разумее, чаму супраць увядзення гэтых падаткаў не выказаўся ніводзін дэпутат Палаты прадстаўнікоў. «Менавіта яны цяпер павінны былі б выказацца ў інтарэсах сваіх выбаршчыкаў», — мяркуе ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?