Тэлебачанне, фільмы, часо­пісы і рэклама прапагандуюць ідэальнае жыццё, ідэальныя формы і ідэальных жанчын. Часам людзі становяцца апантанымі дасягненнем гэтых ідэалаў.

Дзеля прыгажосці дзяўчыны адракаюцца ежы, знішчаючы здароўе і псіхіку. Такое захворванне называецца анарэксіяя. Самае страшнае, што хворы не заўважае і не ўсведамляе, што перайшоў дазволены мінімум і працягвае траціць вагу, пакуль не даводзіць сябе да знішчэння.

Пра тое, што адбываецца ў галаве анарэксічкі, пра яе адносіны з навакольным светам і блізкімі, пра фізічны і псіхалагічны боль мы паспрабавалі даведацца ў 21-­гадовай Хрысціны, якая ледзь не паплацілася жыццём за ідэалы прыгажосці, але ў час спынілася.

Хрысціна: Усё, што адбываецца з анарэксічкамі на пачатку пахудзення, ім падабаецца. Гэта стан эйфарыі, адчуванне ўнутранай чысціні… Адзінае, што азмрочвала, — гэта боль, які я прычыняю сваёй сям’і.

«Наша Ніва»: Табе не было страшна, што ў пэўны момант не зможаш спыніцца, нават калі важыла 34 кг?

Х: У наш час амаль кожны чымсьці забівае сябе. Небяспечныя палавыя сувязі, наркотыкі, алкаголь, безадказнае каханне… Калі я і забівала сябе, то ў імкненні да ўласнага ідэалу. А ці не апраўдвае наша самазнішчэнне жаданне быць ідэальным? Гэта нашмат лепш, чым страціць сябе ў пагоні за грашыма ці іншым незразумелым матэрыяльным шчасцем.

«НН»: З чаго, уласна кажучы, усё пачыналася?

Х: Падаецца, не з простага жадання пахудзець, гэта не проста прыгожыя выявы, вабная рэклама, ідэальныя мадэлькі, якія выклікаюць зайздрасць і даюць стымул раўняцца на іх. Усё нашмат глыбей. Гэта перад усім жаданне дасягнуць свайго ўласнага ідэалу, якім ты б хацела бачыць сваё цела. Усё пачынаецца з дзіцячых комплексаў, незадавальнення сабой і кпінаў аднакласнікаў. Усім хочацца паказаць, што ты чагосьці варты. Жаданне ўдасканаліць сябе з’яўляецца натуральным у наш час татальнага спаборніцтва ва ўсім.

«НН»: То бок да гэтага ты прыйшла асэнсавана?

Х: Спачатку мне падавалася, што я не такая дурніца, як усе гэтыя манекены, я не дайду да такога. Навошта мне так здзекавацца з сябе? Думала, 40 кг — гэта мяжа і менш не будзе.

«НН»: Але ў выніку ты страціла гэты самакантроль?

Х: Самакантроль — гэта ўжо самападман. З першага дня пачынаеш трапляць у абсалютна іншы свет, не зразумелы раней. Але ты трапляеш туды і ў выніку сыходзіш з галавой, уцягваешся настолькі, што дзверы назад у рэальнасць зачыняюцца для цябе назаўжды. Вось і я пайшла па шляху зменаў паводзін харчавання, не ведаючы, што гэта так проста не спыніць.

«НН»: Ты нейкім чынам сачыла за сваім станам?

Х: Я вяла дзённік, запісвала вынікі пахудання. Сачыла за сваім настроем. Я перачытала безліч сайтаў і форумаў. Ведала, пэўна, амаль усё.

«НН»: Ты, увогуле, думала пра тое, навошта табе гэта трэба?

Х: Ідэальнасць — вось мой крытэр. Недасканалае цела сведчыць пра недасканалую душу.

«НН»: А пасля зменаў у харчаванні ты адчула нейкія змены ў светаўспрыманні?

Х: Пасля ты адасабляешся ад іншых, ты заўсёды на сваёй хвалі, асобна ад тых жыццярадасных людзей, якія могуць есці і не хвалявацца пра сваю вагу. А ты ў гэты час бачыш не ежу, а колькасць калорый і ўяўляеш, як яны могуць адбіцца на тваім і без таго тлустым целе. Глядзець у люстэрка становіцца проста агідна, ты бачыш не звыклую мілую дзяўчыну, а свінню, ты аглядаеш кожную частку свайго цела. Любая тлушчавая праслойка выводзіць цябе з сябе.

«НН»: Гэтая незадаволенасць часта давала пра сябе ведаць? Бывалі нейкія эмацыйныя зрывы?

Х: Часам я стаяла голая каля люстэрка, разглядала сябе і крычала: «Тлустая пачвара! Ненавіджу, ненавіджу сябе!» Тады я яшчэ болей абмяжоўвала сябе ў ежы. Першыя дні складана, а пасля разумееш, што ежа не была неабходнасцю… Працягнула адзін дзень — можна паспрабаваць далей.

«НН»: І як ты сябе адчувала, калі не ела на працягу некалькіх дзён?

Х: Я была неадэкватная. Спачатку гэта шчаслівае адчуванне, асабліва калі бачыш, што рэбры пачалі вылучацца значна больш. Вось ты аглядаеш сябе, цешышся з таго, як пахудзела тая ці іншая частка твайго цела. А пасля вочы спыняюцца на дупе. «А­а­а, які жах! Тлустая, тлустая дупа! Сэнс ад усяго, калі мая дупа як танк?!»

«НН»: Цябе гэта раздражняла, і ты пачынала худзець з яшчэ большай апантанасцю?

Х: Так, голад становіцца звычкай. Пачынаеш з простых абмежаванняў у салодкім, мучным, не ясі пасля шасці, пасля пяці, пасля трох, пасля дванаццаці дня… І ў выніку сама не заўважаеш, як перастаеш есці ўвогуле. Навошта напаўняць сваё цела гэтай мярзотнай ежай, здаецца табе. У цябе ўнутры пуста і гэта кайф, з цягам часу пачуццеголаду станавілася эйфарычным, гэта штосьці кшталту дозы нейкіх наркотыкаў.

«НН»: Табе падабаўся гэты эйфарычны стан голаду?

Х: Вядома ж! Я тады знайшла асалоду ў галаданні, мне не хацелася забруджваць свае вантробы ежай. Ведаеце, гэта адчуванне таго, што я бліскучая і ружовая ўсярэдзіне, чыстая. Пустэча — гэта добра.

«НН»: Хто­-небудзь ведаў пра тое, што з табой адбывалася?

Х: Не, я з’ехала на вучобу ў іншы горад. Я ўвесь час адчувала сябе зусім адзінокай. Не было да каго звярнуцца, бо ніхто побач, здавалася, не мог зразумець тваёй місіі. Ад голаду ты ўпадаеш у своеасаблівы транс. Лёгкасць і самазадавальненне. Вось тут і прыходзіць яна — твая лепшая сяброўка і самы ненавісны вораг — анарэксія.

«НН»: То бок ты атаясамляла хваробу з жывым чалавекам?

Х: «Анна» — так скарочана, з ценем павагі і любові называюць анарэксію. Бо яна — гэта не проста хвароба, гэта тая ідэальная «ты», што знаходзіцца ўнутры цябе. Мне падавалася, што знішчыўшы сябе, можна адкрыць сябе новую.

«НН»: А ты адчувала віну перад сабой, калі нават трошкі ела?

Х: Часам нават пітво вады прымушае цябе адчуваць віну. І тады я ішла ванітаваць. Паступова ад бясконцага выклікання ванітаў развіваецца булімія. Арганізм ежу не ўспрымае, хоць есці хочацца, адразу пасля цягне на ваніты. Пры кожным зрыве ты пачынаеш есці і ад пачуцця віны нічога не застаецца, як ізноў скарыстацца двума пальцамі ў роце. Кожны дзень. І горла тваё становіцца чырвоным, яно апухае. Але і гэта не дапамагае пазбавіцца згрызотаў сумлення.

«НН»: Ты памятаеш, як першы раз прымусіла свой арганізм ванітаваць?

Х: Памятаю, калі ў першы раз я спрабавала званітаваць усё сажранае мной, у мяне здарылася вар’яцкая істэрыка, было так агідна ад сваёй нікчымнасці, ад уяўлення таго, што ты сядзіш каля ўнітаза і не можаш званітаваць гэтую ежу. У мяне яшчэ і кроў з носа пайшла… У выніку выйшла ўсё, што ўва мне было, а вось сорам застаўся.

«НН»: Вось зараз, узгадваючы свой стан, як бы ты апісала сваю хваробу?

Х: Анарэксія — гэта бясконцае забойства ў імя ідэалу, які, па сутнасці, не існуе. Але ты падсеў, і самастойна дарогу назад ты не знойдзеш. Гэта як алкагалізм, толькі паміраеш ад анарэксіі значна хутчэй.

«НН»: Ты палюбіла сябе, калі стала худой?

Х: Не, я яшчэ больш сябе ўзненавідзела. Ты губляеш кілаграмы, але ўжо не заўважаеш, як твае ідэалы змяншаюцца ў вазе. Спачатку ідэалам было 40, пасля 38, 37, 35, 32 кг. І гэтага ніколі не будзе дастаткова.

«НН»: Як ідзе развіццё хваробы пазней?

Х: Ваніты ўваходзяць у звычку, становяцца самай звычайнай справай, як пачысціць зубы. Што яшчэ характэрна, я палюбіла гатаваць, мне прыносіла вар’яцкае задавальненне гатаванне розных страў, я запрашала гасцей і вельмі клапатліва частавала іх, пры гэтым сама не чапаючы ні кавалачка.

Я расчэсвала валасы і выцягвала жмуты. Сядзела за сталом і плакала, бо есці занадта страшна. Прачыналася і фізічна не магла ўстаць з ложка, таму што не было моцы….

«НН»: Ты спынілася і цяпер з цяжкасцю, але вярнулася да нармальнага ладу жыцця. Моцна сапсавала сабе здароўе, але, прынамсі, засталася жывой. Што цябе стрымала?

Х: Страшней за ўсё было трапіць у бальніцу, я ведала, што мяне магло чакаць лячэнне ў вар’ятні. Медсястра ва ўніверсітэце заўважыла маю хваробу, калі я раз-­пораз была вымушана звяртацца да яе з моцнымі галавакружэннямі, млявасцю і скокамі ціску.

Я не хацела, каб мяне лячылі. Але ў адзін момант разумееш, што яшчэ трошкі — і ты станеш смяр­дзючым трупам. Я спынілася. Не ведаю, што мне дапамагло, можа, лекі, можа, Бог нагадаў пра сваё існаванне… Бо ніякія лекі не дапамогуць, калі сам не ўсвядоміш, што ты хворы.

«НН»: Цяпер ты адчуваеш сябе цалкам свабоднай ад гэтай хваробы?

Х: Усё адно страх есці шмат застаўся. Гэта жудасная хвароба, але ты ўсведамляеш яе толькі ў тым выпадку, калі ачуняеш. Мне страшна ўзгадваць усё тое, што я адчувала. І больш за ўсё сорамна перад матуляй, якая столькі перацярпела.

***

20% хворых на анарэксію не выжываюць. Гэта самы высокі працэнт смяротнасці сярод псіхічных разладаў.

Прыкметы анарэксіі:

- адмова ад ежы;

- страта масы цела на 10-­15%;

- адсутнасць менструацый на працягу 3 месяцаў;

- дэпрэсія;

- узрост хворага — не больш за 35 гадоў;

- хворы не заўважае свайго знясілення.

Чым раней атрымаецца пачаць лячэнне, тым лягчэй і хутчэй яно пройдзе. Пры цяжкіх стадыях самастойна анарэксія не лечыцца. Пры анарэксіі ў чалавека можа захоўвацца крытычнае мысленне. Аднак нават пры разуменні, што арганізм руйнуецца, страх не дазваляе пачаць есці.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?