А.

Ах, вазьміце вы кавалак тэлефоннага проваду ды павесьцеся вы на першым, што трапіцца, тэлеграфным слупе! Больш вам нічога не застаецца рабіць!

А. Чэхаў. У Маскве

Службовец А. вызваліў уежнае начальніцкае крэсла праз дзесяць год па дасягненні пенсійнага ўзросту. І тут жа ўладкаваўся з ласкі службоўца большага, даўняга сябрука, на няпыльную пасаду кіраўніка аддзела непрыкметнай, быццам знарок для гэткіх «учорашніх» створанай, канторы. Прывалокшы на новае месца разам з целам усе свае звычкі, спешчаны ліслівасцю і падхалімствам ранейшых падначаленых, дня не можа пражыць без таго, каб не згрузіць на каго­небудзь з падначаленых цяперашніх сёе­тое са сваіх працоўных абавязкаў. Згрузіць з тою ўласціваю кадрам пэўнага кшталту непрабівальнай ветлівасцю, што і рогаў службовага хамства надта ўжо ваяўніча не прадэманструе, і адначасна і найменшага пярэчання не пацерпіць і не даруе. «Ніначка Пятроўна, дзевачка мая дарагая, дырэктар загадаў паперчыну да серады аформіць, а вы ж ведаеце — я яшчэ сыраваты ў тутэйшых папяровых справах, то баюся, як бы чаго не так не зрабіць. Дык ужо аформіце вы, як мінулым разам — памятаеце? — тую квартальную справаздачу гэтак дыхтоўненька, з густам аформілі». Дзядку без тыдня сем­дзесят, жвавасці не займаць, аднае бяды, што ў працы «сыраваты» ды з тае прычыны, адпаведна, што і як рабіць — не ведае.

Б.

Нябожчыкі сораму не маюць, але смярдзяць страшна.

А. Чэхаў. З нататнікаў

Калі ў нас з’яўляюцца дзеці, то ўсе слабасці… мы апраўдваем так: гэта дзеля дзяцей.

А. Чэхаў. З нататнікаў

Не ў прыклад узнёслай назве сам тэкст некралога па спачылым Б. даўгі і нудотны, як змесціва бухгалтарскай кнігі, што згубілася калісьці ў пыльным чэраве офіснае шафы і вось цяпер ляжыць, выбаўленая, нарэшце, з цянётаў павуціння, у марным чаканні хоць якога ахвотніка яе пагартаць. Дакумент­прыпіска — апошняя даніна жывых згасламу змагару з прыпіскамі. Нябожчык пры жыцці так апантана імітаваў ваярства з гэтым усюдыісным злом, што і не заўважыў, як сам зрабіўся яго ахвяраю. Зрэшты, ахвяраю ў вачах іншых, але не сябе. Ці то памяць Б. змізарнела, звёўшы да «нуль­пазіцыі» абсягі ўяўлення аб правілах барацьбы з хібамі грамадскага ўладкавання, ці то дала плён нязводная ў чыноўніцкім асяродку звычка круціць з кожнае нагоды духамі, але ў дзясятак разоў большы за падначаленых заробак пры гэткіх жа, як у іх, фізічных, энергетычных, эмацыйных ды іншых выдатках ні кішэні, ні сумлення яму не муляў. Дзверы з зямное юдолі ў свет горні расчыніліся перад Б., як вынікае з падпісанага мясцовым бамондам некралога, «заўчасна — усяго толькі на 77­м годзе ад народзінаў». Ды яшчэ — вось жа гадства — зусім не ў пару, акурат напярэдадні юбілею. Ва ўстанове, дзе ён так шмат год спраўна шчыраваў на карысць айчыны, душачы паралельна з выкананнем службовых абавязкаў любую праяву нязгоды і вальналюбства, і грошы ўжо на прэзент да знамянальнага дня сабралі, і панегірыкі склалі для ўшанавання, і на табе — сюрпрыз. Страта невымерная і незаменная, колькіх людзей мог бы яшчэ чалавек сваёю прысутнасцю на грэшнай зямлі ашчаслівіць, як ашчасліўліваў, застаючыся з лёгкай рукі высокіх апекуноў на адказнай пасадзе пасля двух інсультаў і трох аперацый, уласных дзяцей ды ўнукаў.

 

В.

Але не бянтэжцеся іх арліным выглядам. Гэта не арлы, а пацукі або сабакі.

А. Чэхаў. З нататнікаў

Ці то лёс здрадзіў, ці то сурокі нядобразычліўцаў падзейнічалі, але В., у адрозненне ад Б., якому пашчасціла сысці з гэтага свету наўпрост з працоўнага месца, пад хор хваласпеваў і пару тузінаў набытых за казённы кошт вянкоў і вянушкаў, не пашанцавала — ён яшчэ жывы, ды ўжо не пры пасадзе. І цяпер, паніжаны да рангу хлопчыка для біцця, панылым ценем шлындае, варты жалю, па калідорах установы, якую шмат гадоў узначальваў, ды вышуквае хібы ў метадах кіравання пераемніка, ды хінецца­плішчыцца да кожнага, хто толькі гатовы яго слухаць. Няма таго, што раньш было, — лейтматыў варункаў ягонага існавання ў дні сённяшнім. І паводзінаў: за ўсе гады займання высокай пасады В., перакананы, што яго прафесія да ліку тых, дзе важны хоць які людскі ўчынак, не адносіцца, ані разу не быў такі добры да людзей, як зараз, калі пасаду страціў. Фізія ўвадначас палагаднела, і голас памякчэў, і нават жэстыкуляцыя перамянілася — да чалавека стаў падобны. Той выпадак, калі, перафразуючы класіка, можна сказаць, што не з матылька вусень атрымліваецца, як нярэдка — насуперак закону эвалюцыі — у людзей, а наадварот — з вусеня матылёк, як, згодна з тым жа натуральным законам, у насякомых*. І ў дачыненні да асобы хоць які­ніякі з’явіцца шанец у тых, хто быў сведкам яго прыжыццёвых паскудстваў, не ўвайсці ў канфлікт з уласнай хрысціянскай сутнасцю, не апаганіць вуснаў прамоўленымі наўздагон абсыпанаму тузінамі вянкоў­вянушкаў катафалку словамі класіка другога: «Яно здохла»**.

Г.

— Не, сястрыца, размова ў нас прынцыповая...

А. Чэхаў. З нататнікаў

«А што гэта такое? А вось тое мне пакажыце. А ці добрае яно? А як яго ўжываць? А хто вытворца? А дайце інструкцыю. А што ёсць з таннейшага? А мне суседка ўчора казала, А…» і г.д. — да бясконцасці. У выніку, з улікам часу на даставанне з сумкі партманета з грашыма, ды тузанне сюды­туды купюр, ды іх лічэнне­пералічванне, ды чытанне­перачытванне інструкцыі, ды рэплік на адрас знерваванай чаргі ў перапынках між лічэннем, на ўсё пра ўсё марнуецца каля паўгадзіны. Мізансцэна хаосмасу тупізны, а да заслоны спектакля не рукой падаць. Бо, адсунуўшыся ўрэшце ад акенца, Г., замест таго, каб канчаткова сысці, пачынае атакаваць аптэкарку новымі пытаннямі. «Ну што яшчэ вам?» — з кепска прыхаваным за інтанацыяй ветлівасці пажаданнем ідзіце ўжо і частуйце вашым вар’яцтвам іншых***, кажа тая і роспачліва глядзіць на далонь з рэцэптам наступнага кліента.

Д.

…бабы з п’есамі плодзяцца не па днях, а па гадзінах…

А. Чэхаў. З ліста да Т. Шчэпкінай­Купернік

Баба з неўтаймоўнай схільнасцю да скаргапісання, даносаў і іншых неэкзатычных відаў какання ў чужы кампот чытае з экрана тэлевізара вершыкі і з уздымам распавядае пра тое, як днямі разрадзілася ў выніку начнога творчага азарэння рыфмаваным прадуктам, а назаўтра гадзіны паўтары частавала тым прадуктам слухачоў падчас літімпрэзы. Затым ненавязліва, бы між іншым, адкрывае Амерыку: паэта­барда З., аказваецца, за савецкім часам з ласкі чыноўніка М. не пускалі ў аўдыторыі ладзіць творчыя сустрэчы, і яна, маўляў, мае намер гэткай ганебнай практыцы рашуча супрацьстаяць. Як яна такі намер будзе ажыццяўляць — невядома, бо толькі ўжо зусім дурны не ў курсе, колькі сама баба разам са сваімі хаўруснікамі панаторквала калегам на шляху да тых самых аўдыторый асцюкавіння ў выглядзе негалосных і галосных забаронаў. Галоўная бабіна фішка ў змаганні з няўгоднымі, якою яна карыстаецца дзе і як толькі можа, — дэманстраванне бязмежнага, без берагоў і краю, патрыятызму. Найзапаветная ж мара бабіна, як вынікае з тэлерэплік, — усе павінны кінуць усе справы ды выключна чытаць яе прасякнутыя ідэямі дабра, любові і чалавечнасці тварэнні. А найбольш абыходзіць бабе тое, што пры гэткай канцэнтрацыі ў тых вершыках высокага духоўнага пачатку, хоць ты расперажыся, не выяўляе свет да іх цікавасці. Баба літаральна запоўніла сваёю постаццю тутэйшыя літабшары. У які таблоід ні паткніся — скрозь бабіна мосць. І каму, апроч самой бабы, увесь гэты псеўдатворчы аргазм патрэбны — аднаму хіба д’яблу вядома.

Е.

Ішоў па вуліцы такс, і яму было сорамна, што ў яго крывыя лапы.

А. Чэхаў. З нататнікаў

Лекарка — дама без залішніх цырымоній, але і без прэтэнзій. Цэлы дзень шчыруе пры чужых горлах, насах і вушах, к вечару, натомленая не гэтак самою працай, як выслухоўваннем ад пацыентаў рознае лухты, бярэ прыладу для рэзекцыі носавых перагародак, усторквае на яе шматок ваты і пачынае чысціць свае аздобленыя золатам­срэбрам вушы. Са смакам казыча штырком у вуху ды разважае ўслых пра вытокі татальнае айчыннае неінтэлігентнасці. «Ну вось адкуль ёй, той інтэлігентнасці, ува мне, напрыклад, узяцца? Паходжу з вёскі, дзяды — сяляне, бацькі — таксама. Ну, пашэнціла шэсць год павучыцца ў інстытуце, але хіба гэтага дастаткова, каб стаць інтэлігентам? Вунь даўнейшыя інтэлігенты колькі каленаў папярэднікаў­інтэлігентаў у радаводзе мелі, а і то не заўжды ўсё па­інтэлігентнаму ў іх атрымлівалася… А што ўжо пра нас казаць…» І, скончыўшы справу з падтрыманнем гігіены вушэй, быццам насуперак моўленаму дагэтуль, дадае: «Інтэлігентнасць — гэта, мусіць, як каханне. Ёсць яно — значыць ёсць, няма — значыць няма. І нічога тут не перайначыш, колькі ды як ні старайся. Канечне, інтэлігенту быць неінтэлігентным сорамна. Але што той сорам? Сорам сорамам, а жыць трэба».

 

Ё.

— Я ў сябе пасеяў віку з аўсом.
— Дарэмна. Лепш бы пасеялі канюшыну.
— Я завёў свінню.
— Дарэмна. Лепш бы каня.

А. Чэхаў. З нататнікаў

Быццам і не касее чалавек, а з нітак зайздрасці сатканы дазвання. Калі атрымалі з сябрам па суседстве, у адным і тым жа пад’ездзе, па аднолькавай кватэры, доўга сядзеў, прывалокшыся надвячоркам на агледзіны, побач з гаспадаром, уздыхаў, а на развітанне адно што не ўсхліпнуў па­бабску ды сказаў: «Не ведаю, як насамрэч, але мне ўсё здаецца, што табе на лепшае жытло пашэнціла. Падлога тут у цябе нейкая быццам раўнейшая, і столь, глядзі, вышэйшая, і плінтусы прамейшыя, і наогул…». Ад зайздрасці — усё ўспрымае ў штыкі, усё кажа і робіць насуперак, на злосць. І ўсе саступкі, усе форы, колькі іх ні давай, каб зменшыць той зайздрасці градус, — без выніку. Адзінае, бадай, чым можна было б неяк хаця б збольшага чалавека ўлагодзіць, узяць ды заўчасна памерці. Але хто пагодзіцца?

* — А. Чэхаў. З нататнікаў.
** — Ф. Кафка. Ператварэнне.
*** — Дж. Нікалсан.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?