Брэсцкія актывісты міжнароднага грамадскага аб'яднання «Малады фронт» (Чэхія) праводзяць кампанію за прысваенне адной з вуліцы горада імя Кастуся Каліноўскага.

Як паведаміў БелаПАН ініцыятар кампаніі Яўген Скрабец, прычынай стала аб'яўленае Брэсцкім гарвыканкамам грамадскае абмеркаванне назвы новай вуліцы ў раёне Варшаўскай шашы.

«Мы выступілі з ініцыятывай назваць яе ў гонар нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага, таму што сёлета адзначаюцца 175-я гадавіна з дня яго нараджэння і 150-годдзе паўстання пад кіраўніцтвам Каліноўскага. Тым больш у Брэсце, у адрозненне ад іншых рэгіёнаў краіны, памяць пра Каліноўскага дагэтуль ніяк не ўвекавечана», — сказаў Скрабец.

Брэсцкія актывісты «Маладога фронту» заклікаюць грамадзян падтрымаць іх ініцыятыву і накіроўваць свае прапановы назваць гэту вуліцу іменем Кастуся Каліноўскага ў рэдакцыю газеты «Брестский вестник» (Брэст, вул. Міцкевіча, дом 25) ці на электронны адрас выдання [email protected]. У адпаведнасці з рашэннем гарвыканкама грамадскае абмеркаванне назвы новай вуліцы праводзіцца праз гэту газету і працягнецца да 20 снежня.

Апрача таго, падпісацца за вуліцу Кастуся Каліноўскага можна на старонцы www.vk.com/maladyfront. Сабраныя подпісы затым будуць адпраўлены ў Брэсцкі гарвыканкам.

«Далучыцца да распачатай намі кампаніі таксама можна, зняўшыся на фота з тэматычным плакатам, які мы перашлем, калі паслаць запыт на электронны адрас «Маладога фронту» [email protected], або размясціўшы гэты плакат у офісе сваёй арганизацыі, — зазначыў Скрабец. — Мы спадзяемся, што ўсё гэта будзе садзейнічаць як аб'яднанню людзей у справе па ўвекавечанні памяці нацыянальнага героя, так і ў цэлым салідарнасці грамадзянскай супольнасці».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру