Аляксандр Лукашэнка 14 лістапада падпісаў указы, што датычацца далейшага развіцця ў краіне камвольнай вытворчасці.

Паводле звестак прэс-службы прэзідэнта, указ № 510 прадугледжвае рэалізацыю ў 2013—2015 гадах «інвестыцыйнага праекта па стварэнні новай вытворчасці па выпуску канкурэнтаздольных тканін бізнес- і эканамкласаў ва ўмовах ААТ «Камволь» з выхадам на праектную магутнасць у 2017 годзе».

У прыватнасці, будзе праведзена комплексная мадэрнізацыя вытворчага корпуса, выкананы будаўніча-мантажныя работы, камплектацыя і мантаж асноўнага тэхналагічнага абсталявання, асвоены выпуск тканін, пабудавана аўтаномная энергакрыніца і аб'екты дапаможнага і абслугоўваючага прызначэння.

Рэалізацыя ўказа «дазволіць стварыць экспартна арыентаванае прадпрыемства з тэхнічным узроўнем вытворчасці, якое адпавядае патрабаванням лепшых сусветных вытворчасцяў аналагічнага профілю». Чакаецца павелічэнне рэнтабельнасці продажу ў 2017 годзе да 22,6%, рост выручкі ад рэалізацыі прадукцыі на аднаго работніка да 61,3 тыс. еўра.

Указ № 511 прадугледжвае рэалізацыю ў 2013—2017 гадах «інвестыцыйнага праекта па арганізацыі вытворчасці 6.475 тыс. м пагонных шарсцяных тканін у год у ААТ «Сукно». На існуючыя плошчы тонкасуконнага камбіната па вул. Матусевіча, 33, будуць перанесены вытворчыя аб'екты, размешчаны на пляцоўцы прадзільнай фабрыкі па вул. К.Цэткін у Мінску.

Для прадзільнай, ткацкай і аддзелачнай вытворчасцяў будзе набыта новае тэхналагічнае абсталяванне, праведзены будаўніча-мантажныя і рамонтныя работы (заменены ўнутрыквартальныя інжынерныя сеткі, праведзена мадэрнізацыя кампрэсарнай станцыі ткацка-аддзелачнай вытворчасці, кацельні і ачышчальных збудаванняў). Рэалізацыя ўказа «дазволіць сканцэнтраваць поўны цыкл вытворчасці на адной пляцоўцы, а таксама павялічыць рэнтабельнасць продажу ў 2018 годзе да 25,6%, забяспечыць рост выручкі ад рэалізацыі прадукцыі на аднаго работніка да 62,6 тыс. еўра».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?