У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце не сціхаюць спрэчкі наконт будучыні адукацыйнай установы. Нядаўна выкладчыкі, не згодныя з палітыкай кіраўніцтва ўніверсітэта, стварылі платформу «За новы ЕГУ», якая будзе імкнуцца зноў зрабіць ЕГУ «эфектыўным беларускім гуманітарным вну з еўрапейскай якасцю адукацыі і навуковай працы».

Платформа была створаная напярэдадні выбараў у Сенат універсітэта, якія маюць адбыцца 19 лістапада. Сёння прэс-служба ўніверсітэта распаўсюдзіла паведамленне рэктара Уладзіміра Міхайлава пад назвай «Змены гарантуюць якасць у ЕГУ», у якім апісвае запланаваныя крокі па мадэрнізацыі ўніверсітэта. «НН» прыводзіць тэкст паведамленне цалкам.

«Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт будзе ўкладаць больш у касцяк пастаянных выкладчыкаў і ключавыя праграмы. Паводле рэктара ЕГУ Анатоля Міхайлава, гэтыя меры дазволяць падвысіць якасць і павялічыць уплыў праграм і даследаванняў ЕГУ, а таксама палепшыць працоўныя ўмовы ў ЕГУ.

«Мэтай нашых рэформ ёсць кансалідацыя нашага выкладчыцкага складу і стварэнне пастаяннага ядра выкладчыкаў, што цалкам прысвячаюць сябе навучанню нашых студэнтаў і правядзенню высакаякасных і ўплывовых навуковых даследаванняў ды іншых праграм, – кажа Міхайлаў. – Мы пераадолелі шматлікія выклікі, каб стацца тым, чым мы ёсць сёння, і мы з поўным правам можам ганарыцца, аднак яшчэ не час на адпачынак. Мы мусім увесь час імкнуцца падвышаць якасць нашай працы».

У межах плана па стварэнні пастаянных выкладчыцкіх пасадаў ва ўніверсітэце бюджэт заробку выкладчыкаў будзе падвоены. Каб наняць выкладчыкаў на гэтыя пасады, будзе праведзены празрысты, усёахопны і канкурэнтны працэс набору персаналу.

Рэктар прызнае, што прапанаваная «мадэрнізацыя» не ёсць лёгкай задачай і што ідэя зладзіць канкурэнтны працэс набору персаналу выклікае пэўныя пярэчанні з боку некаторых чальцоў выкладчыцкай супольнасці. Аднак, калі ўсё пойдзе згодна з планам, да пачатку 2014/15 навучальнага года ЕГУ будзе ўкамплектаваны ядром асноўных выкладчыкаў, якія жывуць у Літве і маюць працоўныя дамовы з універсітэтам разам з усімі сацыяльнымі гарантыямі паводле законаў Літоўскай Рэспублікі.

«Сярод універсітэтаў рэгіёна мы адны з першых скарысталіся магчымасцямі камунікацыі, якія прапануюць новыя медыі. Фактычна мы вядомыя як рэгіянальны лідар у сферы развіцця анлайн-адукацыі, — адзначае Міхайлаў. — Але, як гэта прызнаюць нават такія сусветна вядомыя інтэрнэт-кампаніі, як Yahoo, каб дасягнуць поспеху, арганізацыя не можа быць цалкам віртуальнай. Каб працаваць эфектыўна як каманда, мы мусім больш развіваць жывую камунікацыю паміж нашымі супрацоўнікамі і са студэнтамі. Такім чынам, мы будзем выстаўляць патрабаванне, каб асноўныя выкладчыкі жылі ў Вільні».

У адрозненне ад некаторых крытыкаў прапанаваных зменаў, Міхайлаў не разглядае цяперашнюю сітуацыю як пагрозу ці крызіс.

«Раней мы ўжо сутыкаліся з тым, што можна назваць рэальнай пагрозай, і мы яе пераадолелі. Нашае цяперашняе становішча — абсалютна іншага кшталту.

Дзякуючы шчодрай і сістэматычнай падтрымцы фундатараў, нашае фінансавае становішча спрыяльнае як ніколі.

І хоць мы мусім штогод нанова пацвярджаць фундатарам істотнасць нашай справы, нам пашчасціла мець адданую міжнародную групу фундатараў, якія разумеюць, што наш праект — доўгатэрміновы і вымагае доўгатэрміновых укладанняў».

Гэтаксама мы не плануем адмовіцца ад беларускага характару і скіраванасці ўніверсітэта. Запланаваныя змены ёсць хутчэй нармальным адказам на выклік па захаванні і ўзмацненні якасці выкладання.

«Мы мусім быць самакрытычнымі і прызнаць, што не ўсе нашыя праграмы паспяхова дасягаюць пажаданай якасці, у тым ліку з-за перапынку, паўсталага з прычыны гвалтоўнага закрыцця ўніверсітэта ў Мінску і пераезду ў Вільню. Паліталогія і беларусістыка – гэта ў прыватнасці тыя дзве праграмы, якія не спраўдзілі чаканняў і ў выніку сутыкнуліся з недастатковым наборам, — прызнае Міхайлаў. — Унутраная рэарганізацыя ёсць часткай нашых пастаянных спробаў падвысіць якасць адукацыі ў ЕГУ, у прыватнасці ў гэтых галінах. Адпаведна, паліталогія нядаўна была цалкам абноўленаяі будзе адкрытая ў наступным годзе як «Сусветная палітыка і эканоміка». Мы таксама распрацоўваем новую ініцыятыву, якая засяродзіцца на даследаванні трансфармацый і на тым, якія ўрокі з іх можа вынесці Беларусь. Што мы можам зрабіць для адраджэння беларусістыкі — гэта яшчэ адна цяперашняя задача, якую мы абавязуемся вырашаць».

У адказ на крытыку кіравання ЕГУ, якая нядаўна прагучала ў беларускіх СМІ, Міхайлаў заўважае:

«Нашая структура, як вызначана ў Статуце, змадэляваная паводле ідэі прыцягнення зацікаўленых асобаў, раздзялення ўладаў і падсправаздачнага дэмакратычнага кіраўніцтва. Функцыя кіравання не сканцэнтраваная ў нейкім адным органе — напрыклад, Сенаце, асноўнай задачай якога ёсць забеспячэнне якасці адукацыі і навуковых даследаванняў — але падзеленая паміж некалькімі органамі. Гэтыя органы — міжнародная Кіраўнічая Рада, што складаецца з міжнароднай групы экспертаў у галіне адукацыі і ў склад якой уваходзіць і прадстаўнік Сената ЕГУ; Траставы Фонд ЕГУ (Капенгаген), якім кіруе высокашаноўная Рада міністраў Паўночных краін і які распараджаецца ахвяраваннямі на ўніверсітэт; рэктарат; Выканаўчая Рада; а таксама Сенат, які функцыянуе незалежна, адказвае за забеспячэнне акадэмічнай якасці і мае прадстаўнікоў не толькі ў Кіраўнічай Радзе, але таксама і ў Выканаўчай Радзе».

Міхайлаў адзначае, што падобная структура ёсць не традыцыйнай, а гібрыднай, што, па меркаванні заснавальнікаў ЕГУ, забяспечвае эфектыўнае кіраванне і зладжанасць, не ахвяруючы прадстаўнічасцю.

«Я разумею, што некаторыя асобы ў нашым універсітэце хацелі б засяродзіць усю ўладу ў руках аднаго Сената, аднак у рэчаіснасці гэта будзе нашмат менш дэмакратычны і менш інклюзіўны варыянт, чым цяперашняя структура, якая дазваляе нам прыцягваць іншых зацікаўленых асобаў і дарадцаў да працэсу прыняцця рашэнняў і дапамагае забяспечыць больш узгодненую палітыку», — сцвярджае Міхайлаў.

Датычна чутак пра тое, што беларускія навукоўцы будуць замяняцца прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў, Міхайлаў падкрэслівае, што Беларусь ёсць і заўжды застанецца ў цэнтры ўвагі ЕГУ і што заўжды вядзецца актыўны пошук кандыдатаў з Беларусі.

«У кожным з выпадкаў мы робім усё, каб знайсці добрых кандыдатаў з Беларусі на пасады ў ЕГУ. У нас было некалькі такіх кандыдатаў на пасаду кіраўніка Дэпартамента гісторыі. Але адначасна мы маем абавязак перад нашымі студэнтамі і грамадскасцю — дасягаць высокай якасціі ў выкладанні, і ў навуковых даследаваннях. Каб гэтак адбывалася, мы мусім абіраць найлепшых у сваёй галіне — беларусаў, калі гэта магчыма, але часам таксама і іншых, якія могуць нам дапамагчы выконваць нашую місію. Я перакананы, што змены, якія мы ажыццяўляем пры падтрымцы шырокай міжнароднай кааліцыі зацікаўленых асобаў, павялічаць унёсак ЕГУ ў лепшую будучыню Беларусі і беларусаў». 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру