Дарагія аўтамабілі пад дыпламатычнымі нумарамі беларускай амбасады ў Расійскай Федэрацыі набыты на асабістыя сродкі ганаровым консулам Беларусі ў Расіі.

Пра гэта БелаПАН паведаміў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Андрэй Савіных.

Ён адзначыў, што інстытут ганаровых консулаў — гэта распаўсюджаная практыка, якая выкарыстоўваецца усімі краінамі свету, паведамляе партал naviny.by.

«Толькі ў Беларусі дзейнічаюць больш за 20 ганаровых консулаў замежных дзяржаў. Рэспубліка Беларусь выдала консульскі патэнт 56 грамадзянам замежных дзяржаў», — сказаў Савіных.

Паводле яго слоў, статусам ганаровага консула са згоды дзяржавы, якая яго прымае, надзяляюцца аўтарытэтныя і заможныя грамадзяне краіны знаходжання, якія аказваюць важнае садзейнічанне ў развіцці двухбаковых сувязяў. «Дзейнасць ганаровых консулаў можа быць вельмі разнастайнай.

Так, зусім нядаўна ганаровы консул Беларусі на Філіпінах актыўна займаўся высвятленнем сітуацыі з беларускімі грамадзянамі пасля разбуральнага тайфуна», — падкрэсліў Савіных.

Пры гэтым прэс-сакратар адмовіўся паведаміць, хто менавіта з ганаровых консулаў набыў дарагія аўтамабілі. «Улічваючы кантэкст з'яўлення гэтых матэрыялаў, я павінен атрымаць згоду гэтага чалавека, каб назваць ягонае прозвішча", — сказаў Андрэй Савіных, удакладніўшы, што «пытанне ўзгаднення можа заняць тыдзень-два».

На сайце амбасады Беларусі ў Расіі названы ўсе чатыры ганаровых консула: Ігар Макараў (Масква ), Алег Невяркевіч (Краснадар), Аляксандр Крупадзёраў (Мурманск), Уладзімір Шугля (Цюмень).

Ігар Макараў (улічваючы, што на машынах маскоўскія нумары і заўважаныя яны менавіта ў сталіцы Расіі, лагічна выказаць здагадку, што аўто належаць менавіта яму) — расійскі мільярдэр, уладальнік міжнароднай групы кампаній «Ітэра».

Алег Невяркевіч з'яўляецца дырэктарам санаторыя «Белая Русь» (Туапсэ) Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі з 1990 года. Двойчы абіраўся дэпутатам Заканадаўчага сходу Кубані.

Аляксандр Крупадзёраў быў старшынёй савета дырэктараў ААТ «Кольская горнаметалургічная кампанія». З снежня 2011 года з'яўляецца дэпутатам Мурманскай абласной думы пятага склікання. Сябра палітрады і прэзідыума партыі «Адзіная Расія». Старшыня савета нацыянальнай культурнай аўтаноміі «Беларусы Мурмана».

Уладзімір Шугля быў начальнікам галоўнага ўпраўлення гандлю Цюменскага аблвыканкама, потым узначаліў «Холдынгавую кампанію гандлёвы дом «Мангазея». З'яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі і ўзначальвае Цюменскую гарадскую суполку беларусаў.

Нагадаем, у інтэрнэце з'явіліся фатаграфіі, зробленыя карыстальнікам сеткі «Інстаграм» @ RublevkaLive, на якіх намаляваныя дарагія аўтамабілі «Бэнтлі» і «Паршэ Каен» з чырвонымі дыпламатычнымі нумарамі і кодам 150. Гэты код замацаваны за Рэспублікай Беларусь.

«Беларускія дыпламаты на такіх машынах не ездзяць. У пасольскім парку такіх відаў аўтатранспарту ў нас няма. У пасольстве беларускія дыпламаты, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія з'яўляюцца супрацоўнікамі амбасады, маюць дыпламатычныя карткі, акрэдытаваны пры МЗС РФ, такога аўтатранспарту ў пасольстве няма.

Магчымасці нашай амбасады не дазваляюць мець машыны такога класа», — заявіў у каментары БелаПАН прадстаўнік прэс-службы беларускай дыпмісіі.

У расійскай інтэрнэт-базе нумарных знакаў транспартных сродкаў сярод машын з нумарамі беларускай амбасады ёсць як зафіксаваны на фота «Паршэ Каен» з нумарам 150D172, так і яшчэ некалькі такіх жа машын з нумарамі 150D118 і 150D159.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру