Многія з нас любяць чытаць абвесткі на дошках аб’яваў. У маленькіх гарадках ды яшчэ ў чаканні электрычкі гэты занятак можа паспрачацца па папулярнасці з корпаннем у мабільніку.
Дошкі аб’яваў — гэта адбіткі часу, у якіх адлюстроўваюцца нашыя сённяшнія настроі і чаканні.
«Прадам хатняе салёнае сала з прыправамі ў 3-літровых слоіках» — ці не пра ахвяру апошняй ліхаманкі, выкліканай сумна вядомай у нас АЧС, ідзе гаворка? Побач нехта змяшчае цыдулку, што ў падобнай сітуацыі вылучае лёгкі аптымізм — «Прадам парасят».
Увішных прадпрымальнікаў не клапоцяць турботы ўладаў пра замежны шопінг. Хто хоча на закупы ў Беласток? Усяго за $35, ды яшчэ з кандыцыянерам і DVD!
Набраная па-беларуску абвестка маладой сям’і, што шукае жытло, папулярнасцю ў мясцовых жыхароў не карыстаецца. Зрэшты, у Заслаўі ў прынцыпе цяжка знайсці здымнае жытло на доўгі час.
Вялікую папулярнасць, і гэта сумна, мае абвестка пра лячэнне алкагалізму.
І ўсё ж не толькі ў сале шчасце. Дзякуючы абвесткам можна запісацца ў школу танцаў (нават на стрып-данс), маладыя мамы могуць аб’яднацца ў клуб.