16 лістапада прыкладна ў 9.30 11-гадовы Мікіта Кажамякін, які прапаў у Гомелі, сам вярнуўся дадому.
Як паведаміла сястра хлопчыка Кацярына, са слоў хлопчыка гэтыя двое сутак ён правёў у сябра-пяцікласніка, з якім вучыўся летась у адным класе. Сябар яго жыве з бацькам, той паехаў у камандзіроўку, і хлопчык застаўся адзін. Ён і запрасіў таварыша пажыць у яго.
Зараз з пяцікласнікам размаўляюць дырэктар школы і сацыяльны педагог.
Пайшоў хлопчык з дому з-за канфліктаў у новай школе, дзе ён вучыцца з верасня.
Мікіта Кажамякін выйшаў з дома ў 6.30 14 лістапада, не папярэдзіўшы сваякоў. Сям'я спрабавала знайсці дзіця самастойна, аднак беспаспяхова. Да пошукаў падключыліся добраахвотнікі Гомельскага пошукава-ратавальнага атрада «Сімуран» і міліцыя.