Сёлета ўвосень у Гародні выбух пасіянарнасці. Канечне, Беларусь таксама бурліць. Але бурліць інакш. Рыхтуемся да «ЧМ па Х», засумавалі па дэвальвацыі (што яна і так ідзе, нікога не суцяшае, трэба каб «ух!», каб даляры па блаце і чэргі за лядоўнямі, інакш не цікава), са смакам абмяркоўваем кадравыя прызначэнні. З Гародні ўсе гэтыя навіны бачацца неяк адчужана — як навіны з Гішпаніі (а не, вось дакацілася!). У нас пасіянарнасць іншая — ні за кол ні за цям.

Мяне як гарадзенца гэтыя пасіянарныя праявы натхняюць на роздумы. Тым больш, не так ужо і моцна нашая там сітуацыя адрозніваецца ад агульнабеларускай. Проста на маленькім прыкладзе заўсёды лягчэй. А пра Менск я неяк у наступны раз напішу, калі набаліць.

З аднаго боку, быццам ёсць добрыя справы, нешта рушыцца з месца. Напрыклад, адчынілі пасля двухгадовай рэканструкцыі гарадзенскі чыгуначны вакзал. Адчынілі пакуль умоўна. Сёння ён хутчэй нагадвае аэрапорт: ёсць людзі, касы, дзюці-фры і пустэча. Праўда, рэканструкцыя гэтая ніводнай праблемы вакзала не вырашыла, праект музея нерэалізаваны, а «гістарычны паравоз Гродна-Парэчча», якому няма аналагаў у свеце, так і стаіць на запасным шляху, зрабіўшы цэлы адзін рэйс. Вуліцы перакрываюць увесь час. Гэта «дзеля паляпшэння транспартнай сітуацыі». Для яе ж паляпшэння ідуць пад знос цэлыя кварталы.

Затое нылі гарадзенцы, што дрэвы вынішчаюць па горадзе. А ім адказвалі на поўным сур’ёзе, што па дзейных нормах пасадзіць нават некалькі дрэўцаў у горадзе праблематычна, і нават грамадскія слуханні ладзілі, на якія арганізавана прыязджалі на аўтобусах нейкія цьмяныя людзі з патрабаваннем паспілоўваць усё. Ёсць, аказваецца, такія людзі, якім карціць пілаваць. Дык атрымайце — за адзін дзень 9 лістапада ў Гародні высадзілі больш за 1 000 дрэваў ды кустоў. Раптам. Праўда, іншыя сцвярджаюць, маўляў, з высаджаных летась 80 дрэваў ландшафтнага парку «Аідэс Баржомі Бел» (?!) у гарадзенскім спальніку Дзевятоўцы прыжылося толькі 12 саджанцаў. Што з такіх узяць — экстрэмісты.

А вось захаванне і аднаўленне спадчыны. Гляджу сюжэт гарадзенскага тэлебачання — збіраецца адмысловая нарада па пытанні захавання будынка другой паловы ХІХ ст. па Карла Маркса, 22. Кажуць, гарачыя дэбаты былі. Асноўнай мэтай нарады стаўся пошук кампраміснага рашэння на падставе ўсіх варыянтаў па аднаўленні будынка. Старшыня гарвыканкаму Андрэй Худык, якога ў сюжэце чамусьці ўпарта называюць мэрам, не міргнуўшы, прамаўляе: «Вырашылі мы, што неабходныя яшчэ і яшчэ раз кансультацыі, відавыя атакі (?), вывучэнне, і падвярганне сумневу ўсіх ужо выпрацаваных думак». Думалі яны, узважвалі ўсё грунтоўна і нарэшце прайшлі да высновы, што трэба будынак паэтапна разбіраць, «каб з дакладнасцю выявіць ступень аварыйнасці». О як! І разбураць будуць яго, чаго б вы думалі? Таму разбураюць, што ён «знаходзіцца пад пагрозай разбурэння». Іншай прычыны для разбурэння няма! Але ж гляджу, радуюся, як праявы сумлення непакояць адміністрацыю, нават словы такія правільныя выкарыстоўваюць. І метадалогіяй быццам казыраюць… А потым «ба-бах!», без абвяшчэння вайны, за два дні 9—10 лістапада пад нуль знішчаюць адзін з характэрных 100-гадовых будынкаў па Віленскай, 20. Учора яшчэ гуляеш з дзяўчынай па Віленскай, фатаграфуецеся вы там, нічога не прадчуваеш, а праз тры дні «ррраз!» Што вы, што вы, «гэта не знос, гэта толькі дэмантаж, рэканструкцыя шляхам разборкі».

Дзякуй, што не рэстаўрацыя. Бо ў гэтыя ж дні рэстаўруюць іншы помнік на вул. Мядовай (30-я гг. ХХ ст.). Прыглядзеўся уважлівей — абшываюць гісторыка-культурную каштоўнасць тэрмашубай. Канечне, рэстаўрацыя ж! А яшчэ нарэшце ўзяліся за дом, дзе калісьці жыў вынаходнік эсперанта Людвіг Заменгоф. Як трапна пракаментаваў нехта навіну, «зразумела, што там ажно цэлыя чатыры гады жыў Заменгоф, дом захоўваем, але лухта нейкая атрымліваецца: дом Заменгофа на вул. Кірава, а вул. Заменгофа ў мікрараёне «Паўднёвы-4». Што праўда, разабралі яго таксама, акрамя фасада, затое абяцаюць аднавіць арачныя перакрыцці ды нават зніклыя балконы. Уласнік дык наогул «мяркуе, што гэта першы аб’ект у горадзе, да аднаўлення якога падыйшлі такім дбайным (!) чынам». Ну, калі нават перакрыцці арачныя, то крыць няма чым. Каб толькі не паўтарылася гісторыя з «рэстаўрацыяй» будынка пачатку ХХ ст. былога рэстарана «Беласток» — знеслі ўсё, акрамя фасада, надбудавалі дадатковы паверх, затое «аднавілі замураваныя ў савецкі час цэглай пяць вокнаў», а «фасад, адноўлены брэсцкімі рэстаўратарамі» вось літаральна ў гэтыя дні ачышчаюць ад рэшткаў аўтэнтычнага стогадовага дэкору. Завяршальны штрых слаўнай рэстаўрацыі!

А яшчэ культура! Надоечы з’явіліся прапановы па ўсталяванні помнікаў славутым жыхарам старажытнай Гародні. Добрыя прапановы, цікавыя. Радуюся я. Канечне ж, радуюся! А потым халодны душ: хлопцы, вы сур’ёзна хочаце гэта ўсё і адразу? Вам мала праекта гіпераленя на гіпершасце? Мала Жана Жылібера, які чакае аўтобуса № 15 на прыпынку імя сябе? Мала «Архітэктара» Джузэпэ Сака, самай нацёртай (любімай!) часткай якога з’яўляецца нос? Мала жабы-Багародзіцы-Гараднічанкі-амура-лебедзя-язычніцкай Нікі — гэтага слаўнага шэрагу нашага геніяльнага гарадзенскага Цэрытэлі? Вы не баіцеся, што ногі будучага Баторыя на Савецкай будуць як рукі ў існых герояў-памежнікаў на Сав. Памежнікаў? То бок левая больш за правую. Мне такі Баторый і такі Тызенгаўз не патрэбныя. Кажу за сябе. Мо іншым і спадабаецца…

З музейнага жыцця — таксама навіны! Думаеце, нарэшце афіцыйна музей Быкава адкрыецца? Не-а. Пад горадам на тэрыторыі 22 гектараў ствараецца музей сельгастэхнікі, на хвіліначку — філіял Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. Сельскагаспадарчыя і іншыя машыны, плугі, сячкарні, сеялкі, трактары, камбайны на гусенічным хаду. Цэлы «Дыснэйлэнд»! А што? Праект фінансуецца з мясцовага бюджэту, ужо засвоена больш за мільярд рублёў. Нармальна!

Пад заслону — афіцыйнае святкаванне дзён святога Губерта 3 лістапада. Дзякуй, што не 7-га! Ладзілі-ладзілі перашкоды адзінай маханькай незалежнай канферэнцыі — памяшкання пазбаўлялі, візы польскім выступоўцам не выдавалі. А тут вось як: лібералізацыя. Па ўсім горадзе песні-скокі, выстава сабак, рыцарскія баі… Ну што можа быць горшым за беларускія рыцарскія баі? Толькі беларускае фаер-шоу. І яно было!

«Хопіць!», — крычаць мне. Кажы, што хацеў. Дык кажу: сон розуму нараджае пачвараў. Бурліць, пасіяніруе Гародня. Актыўнасць часам зашкальвае. А ўсё міма: гаворым пра мэра — мэра не маем, рэстаўруем-рэстаўруем у поце твару, ды рэстаўрацыяй не патыхае, скульптуры ставім, Помнікаў няма.

А гарадзенцы — а мо і шырэй, усе беларусы, бо выбухі пасіянарнасці не толькі ў нас здараюцца, — глядзяць на гэтае поўнае цудаў жыццё празрыстымі светлымі вачыма. Слупянеюць у прадчуванні падвяснога моста і амфітэатра на левым беразе, якія ўсім нам так патрэбныя. Гарадзенцы, бязвінныя, як студэнты-першакурснікі, якія вераць, што свет — рацыянальны, што бабло перамагае зло, што зараз іх хтосьці навучыць, як правільна аднаўляць помнікі/ляпіць статуі/рамантаваць дарогі, падстаўце што заўгодна. А вось самастойна думаць, удасканальвацца, рваць кіпцюрамі гэты свет не навучыліся, і, бадай, вучыцца не будуць. Лічаць, што і так нічога, што ў чарговы раз пранясе. А я баюся. Хутка, ужо вельмі хутка настане той самы дзень Х, час перамен, да якога мы зусім, зусім-зусім не рыхтуемся, ні маральна, ні інтэлектуальна. І вось тады безабаронная, наіўная Гародня будзе знішчана назаўсёды. Знікне, толькі Нёман будзе плыць пад праржавелымі мастамі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру