У нядзелю 17 лістапада могілкі ў вёсцы Сакалоўка, што ў Вілейскім раёне, наведалі праваслаўны святар і мясцовыя жыхары. Перад гэтым на адноўленым надмагіллі з'явіўся крыж і пліта з імёнамі ахвяраў, паведамляе Vialejka.info.
Да магілы расстраляных у 1942 годзе жыхароў сабралася тры дзясяткі чалавек: мясцовыя людзі, выхадцы з вёскі, сябры Таварыства аховы помнікаў. Замест састарэлага за паўстагоддзе помніка над пахаваннем залілі бетонную надмагільную пліту, паставілі двухметровы праваслаўны крыж з нержавеючай трубы.
Да крыжа прымацавалі гранітную пліту з прозвішчамі пахаваных жыхароў. Каля крыжа ўсталявалі інфармацыйны стэнд, на якім распавядаецца іх гібель. Усе працы каардынаваў Алесь Раткевіч.
Святар Міхаіл Стацюк правёў малебен па ахвярах і асвячэнне адноўленай брацкай магілы. Пасля айцец Міхаіл выступіў з заклікам да прымірэння, заклікаў і далей працягваць такія работы па ушанаванні памяці продкаў.
Айцец Міхаіл наведаў таксама і другую магілку, дзе спачываюць пяць чалавек, забітых нацыстамі.