Прысутныя атрымаюць магчымасць быць сведкамі адразу некалькіх падзей. Першая з іх — публічная лекцыя »Аналітыка і герменеўтыка, або Як не пакрыўдзіць чалавечую мову?». Спадар Пётр прапануе заглыбіцца ў гісторыю двух філасофскіх кірункаў — герменеўтыкі і аналітычнай філасофіі. Акцэнтуючы ўвагу на падабенствах і адрозненнях паміж імі, лектар раскажа пра прыклады іх прымянення ў межах літаратурнай крытыкі, палітычных дыскурсаў і штодзённай камунікацыі.

Другая падзея — прэзентацыя новай кнігі філосафа «Вялікі выбух у малой Галілеі». Уяўляючы сабой прадукт філасофска-багаслоўскіх рэфлексій, яна прапануе чытачам невялічкі экскурс у гісторыю хрысціянства і спробу адшукаць адказы на шэраг пытанняў. Што здарылася на мяжы «старой» і «новай» эры? Што ўяўляў сабой духоўны і культурны клімат у грэка-рымскім і юдэйскім свеце ў час публічнай дзейнасці Ісуса Хрыста? Як фармаваўся Новы Запавет і як выглядаў канон веры першых хрысціянаў? І гэта толькі некаторыя тэмы.

На сустрэчу запрашаюцца ўсе, хто цікавіцца філасофскімі, гістарычнымі і рэлігійнымі праблемамі і мае жаданне далучыцца да адкрытай прасторы мыслення Лятучага ўніверсітэта.

Публічная лекцыя Пятра Рудкоўскага «Аналітыка і герменеўтыка, або Як не пакрыўдзіць чалавечую мову?» адбудзецца 23 лістапада 2013 года па адрасе: г. Віцебск, вул. Белабародава, 5, вялікая зала Музея «ВЦСМ». Пачатак а 15:30.

Прэзентацыя кнігі «Вялікі выбух у малой Галілеі» адбудзецца пасля лекцыі ў той жа зале, пачатак а 17:30.

Уваход вольны!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0