У Беларусі стартаваў Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва. Афіцыйная цырымонія адкрыцця серыі мерапрыемстваў адбылася вечарам 18 лістапада ў бізнес-клубе і стартап-хабе IMAGURU, які пачаў працаваць у гэты ж дзень.

Арганізатарам Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва ў Беларусі традыцыйна выступае «Цэнтр дзелавой камунікацыі БЕЛБІЗ» (BEL.BIZ). У яго межах 19—21 лістапада адбудзецца III Міжнародны форум прадпрымальніцтва, на якім удзельнікі абмяркуюць пытанні эканамічнага клімату ў краіне, узаемаадносінаў паміж карпарацыямі і малым бізнесам, прыватызацыі, інвеставання ў энергаэфектыўныя сферы, інтрапартнёрства, ацэнкі бізнесу і аптымізацыі бізнес-працэсаў, інвестыцый у стартапы.

Гэтымі днямі таксама пройдзе серыя майстар-класаў, конкурсаў, гульняў і навучальных праграм.

Партнёрам Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва ў Беларусі выступіла пасольства Вялікабрытаніі. Кіраўнік дыппрадстаўніцтва Брус Бакнел зазначыў, што сёлета тэмай тыдня з'яўляюцца інавацыі, якія «кампаніі павінны ўкараняць, калі яны хочуць канкурыраваць на сусветным рынку».

Дыпламат падкрэсліў, што дзяржавы могуць «больш актыўна стымуляваць ўкараненне інавацый, даўшы прадпрыемствам магчымасць выкарыстоўваць новыя падыходы». Пры гэтым улады павінны «спакойна ставіцца да таго, што ў кампаній не ўсё можа атрымлівацца», таму што калі ўлады занадта моцна апякаюць кампаніі, то «для інавацый не застаецца прасторы».

«Я рады, што беларускі ўрад імкнецца аблегчыць умовы вядзення бізнесу, і спадзяюся, што Беларусь будзе паляпшаць свае паказчыкі ў рэйтынгу лёгкасці вядзення бізнесу. Але добры рэйтынг — гэта не ўсё. Беларусь мае патрэбу ў прадпрымальных людзях, бізнесменах, якія могуць рызыкаваць», — падкрэсліў Бакнел.

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Ітан Голдрыч зазначыў, што яго ўрад і Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці ўжо ў трэці раз падтрымліваюць правядзенне Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва ў Беларусі.

«Мы рады, што гэты тыдзень стаў штогадовым форумам у Беларусі, — заявіў ён. — Гэта яшчэ адзін крок, які збліжае беларускіх прадпрымальнікаў з міжнароднай бізнес-супольнасцю. Як і ў іншых краінах, вялікі патэнцыял прадпрымальніцтва становіцца істотным фактарам развіцця беларускай эканомікі. Упэўнены, што гэты тыдзень будзе садзейнічаць дыскусіі аб праблемах і магчымасцях, якія ёсць у Беларусі, для асваення дынамічных перспектыў прадпрымальніцтва».

Міністр эканомікі Мікалай Снапкоў пажадаў удачы удзельніцам тыдня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?