Алег Хаменка спрабуе сябе ў новым амплуа, апроч выступаў з «Палацам» і сольна ў акустыцы, музыка вырашыў пабыць артыстам размоўнага жанру.

Выступае Алег Хаменка, фота з фэйсбука А.Хаменкі

Выступае Алег Хаменка, фота з фэйсбука А.Хаменкі

Алесь Круглякоў (злева) і Уладзімір Максімкаў (справа), фота з фэйсбука А.Хаменкі.

Алесь Круглякоў (злева) і Уладзімір Максімкаў (справа), фота з фэйсбука А.Хаменкі.

18 лістапада ў мінскім рок-бары «Крылы», што ў ДК МТЗ, ён разам з журналістам Алесем Кругляковым і прадзюсарам Уладзімірам Максімкавым правёў першы выступ з праграмай «Сустрэчы-дарэчы».

Рок-бар «Крылы» хоць і невялікае, але ўжо важнае для беларускага року месца. Толькі за апошні месяц тут выступілі N.R.M., Памідораў, Вайцюшкевіч, плануецца выступ Касі Камоцкай.

«Сёння мы будзем размаўляць на тыя тэмы, якія нас хвалююць і цікавяць», — пачынае Хаменка. — «Пра золатавалютны запас?» – цікавіцца Круглякоў. — «І пра яго таксама».

На канцэрт-размову сабралася каля 50 чалавек, некаторыя, відавочна, чакалі трапіць на акустычны канцэрт лідара «Палаца» і былі здзіўленыя, што большую частку выступу Хаменка проста расказвае гісторыі, жартуе разам з Максімкавым і Кругляковым і адказвае на пытанні слухачоў, і толькі час ад часу бярэцца за гітару.

Размова «пра актуальнае» пачалася з абмеркавання Еўрабачання і заявак на яго. «Мы сустракаліся з арганізатарамі Еўрабачання яшчэ ў 1995-м, імкнуліся ўключыць Беларусь у конкурс», — узгадвае Хаменка. Дарэчы, у адборы на Еўрабачанне «Палац» паўдзельнічаў.

«Мы тады працавалі са стылістамі, яны мне паставілі ў вока чырвоную лінзу, стыліст гэта ўвогуле сэксуальная арыентацыя. — смяецца Хаменка. — Аднак мы не прайшлі галасавання на «Еўрафэсце», такое адчуванне, што іх галасаванне ў нас праводзяць паводле таго ж самага прынцыпу, што і любое іншае. Мы былі на 2-м месцы, і праз хвіліну апынуліся на 4-м».

«Ну што ты, Алег, хочаш, густы аўдыторыі хутка мяняюцца, — жартуе Максімкаў і прыгадвае, што ў палажэнні пра правядзенне першага Еўрабачання быў абавязковы пункт: «хаця б адзін з куплетаў песні мусіць быць на англійскай мове». — Я тады прапанаваў гэты пункт, у Еўропу ўсё ж едзем. І ўсе пісалі, перакладалі. Нават Саладуха спяваў адзін куплет па-англійску».

Дарэчы Алег Хаменка кажа, што нават трапіўшы на Еўрабачанне, не разлічваў бы на перамогу, бо музыка «Палаца» нефарматная для конкурса.

З тэмы Еўрабачання плаўна перайшлі на галоўнага трыўмфатара гэтага года – Макса Каржа і сабраную ім «Мінск-Арэну».

«Я б сказаў, што мне не зайздросна, але ж усё адно не павераць, - кажа Хаменка. – Аднак насамрэч так, я не зайздрошчу Каржу. Увогуле, тое, што хлопец з Лунінца сабраў «Мінск-Арэну», стрэліў, гэта перамога, тут радавацца трэба».

Пачалі спрачацца, хто з беларусаў мог бы таксама сабраць «Арэну».

Круглякоў выказаў меркаванне, што тое самае збіраецца зрабіць Саладуха, аднак у выніку сышліся на тым, што «тысячы чатыры ён збярэ, і канцэрт перанясуць у Палац спорту».

«Я думаю, пры правільнай прамоцыі «Арэну» б сабралі The Toobes», — кажа Хаменка, і размова плаўна перацякае ў абмеркаванне рускай і беларускай рок-школы.

«Вось Арцемій Троіцкі аднойчы трапіў на адзін з беларускіх фэстаў і абураўся, што там гучыць адзін «галімы фолк». — прыгадвае Круглякоў.

«Сябры, беларуская рок-школа на галаву мацнейшая за расійскую, – нечакана кажа Хаменка і прыводзіць прыклад. – Вось на адным з фестываляў усе гэтыя «Чайфы», ДДТ, яны стаялі, і раскрыўшы рты слухалі «Краму», бо было бачна, што ў Расіі ніхто так граць не можа. А альбом англамоўны Vodka on Ice? Гэта ж найлепшае, што запісана ў СНД на англйіскай мове!».

Па словах Алега Хаменкі яшэ ў 1996 годзе яго з сябрамі заклікалі перабрацца ў Маскву, але жадання спяваць не па-беларуску ў яго няма, бо гэта значыцца стаць «жаўнерам іншай культуры».

«Страляць у свой народ? – жартуе Круглякоў».

Прыгадваюць збольшага рускамоўнага «Ляпіса», які нядаўна выпусціў кружэлку з беларускамоўнымі песнямі.

«Міхалок на мяне дагэтуль крыўдуе, здаецца, што я разбіў нагой яго акардыён, у 90-х было такое, - узгадвае Хаменка. – Але мне вельмі падабаецца, што ён прайшоў шлях ад ПТУ-попа да сапраўднага хіпі-пратэсту».

«А цябе, Алег, задавальняе, тое становішча, у якім зараз знаходзіцца «Палац»? Не хочацца большага?» – пытаецца Максімкаў.

«Так, задавальняе. Не хочацца спяваць на іншай мове, мы ездзілі па Сібіры супольны тур з Бабкінай. І што? Калі б я з'ехаў у Расію, стаў бы непатрэбны тут, а гэтага я не хачу».

Калі напрыканцы Хаменка зноў узяў у рукі гітару, адзін з слухачоў — дзядок у касцюме папрасіў праспяваць «А я лягу-прылягу», матывуючы гэта тым, што ён былы чэкіст і яму 86 гадоў.

Калі стала зразумела, што «А я лягу-прылягу» не будзе, былы чэкіст сказаў, што трошкі патанчыць, калі ніхто не супраць.

«Вось так і скончылі, з шоу-балетам імя Дзяржынскага» – падсумаваў Круглякоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?