20 лістапада споўнілася б 65 гадоў беларускай паэтцы Яўгеніі Янішчыц (20.11.1948 — 25.11.1988).

***

Як за дажджамі частымі-рабымі,
За кудасой,
                  дзе шляху не відно,
То ластаўкаю першай,
                                    то рабінай
Пастукаюся ў чуйнае вакно.

Нацятыя, нібы пасля разлукі,
Паверх прасцінкі,
                              што святлей снягоў,
Уздрыгваюць у сне кароткім
                                                  рукі
У водгуллі заранак і грамоў.

У сенцах – бульбы пах і лугаўя.
Святы снапок у закутку мадзее.
...Дзень добры, мама!
                                    Гэта зноўку я,
Уся твая гаркота і надзея.

***

Не воблака, а проста аблачынка
Загадкава плыве над галавой.
Смяюся я:
                  вясёлая дзяўчынка,

Як матылёк,
                     ляціць над кладкай той...

Як добра ёй журыцца беспрычынна!
Да твару ёй і лета, і зіма...
Ўсміхнуся я:
                     яшчэ бяжыць дзяўчынка
Па кладцы той, якой даўно няма.

***

Над хронікай 30-х гадоў

Які разгул шалёным капытом,
А здзекаў жах, нібы ў сярэднявеччы!
І Д'ябал у Суддзі перапытаў:
—Таленавіты? Значыць, небяспечны!

Ці не з жалезнай д'яблавай рукі
Пісьменнікі запісаны ў шпіёны?!
Ужо ляцелі кнігі на шматкі
І граззю пакрываліся імёны.

Ужо вучоны кроў сваю глытаў,
Бяззубы ў сорак, шамкаў па-старэчы.
А Д'ябал у Суддзі перапытаў:
— Не размаўляе? Значыць, небяспечны!

Даносчыкам да твару ліпкі бруд,
Пры дапамозе іхняе брыднечы
Выносіліся словы, як прысуд:
«Таленавіты — значыць, небяспечны»

Паміж травы трагічнай і груддзя
Стаю ў журбе і думаю аб вечным:
Таленавіты — сам сабе суддзя,
А для паскуд - заўсёды небяспечны...

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру