Некалькі месяцаў таму ў ЗША палалі жарсьці вакол справы Марціна-Цымэрмана, калі дружыньнік мэксыканскага паходжаньня застрэліў бяззбройнага чарнаскурага падлетка і быў апраўданы: прысяжныя пастанавілі, што ён дзейнічаў у рамках самаабароны. Тады, пасьля вельмі працяглага маўчаньня, прэзыдэнт Барак Абама нарэшце выказаўся на гэтую тэму, асудзіўшы расісцкія забабоны ў амэрыканскім грамадзтве.

«Ня так шмат афраамэрыканцаў могуць спакойна ехаць у ліфце з жанчынай, каб яна сутаргава ня прыціскала да грудзей сваю сумачку, затаіўшы дыханьне, жадаючы як мага хутчэй выйсьці», — сказаў прэзыдэнт ЗША.

«Вось праклятая расістка, прыціскае да грудзей сваю сумачку!» — напэўна, гэтак павінен быў падумаць я разам зь іншымі прагрэсіўнымі грамадзянамі.

Але, мабыць, у сілу сваёй недастатковай прагрэсіўнасьці мне падумалася іншае: а хто вінаваты ў тым, што белая жанчына баіцца чорнага падлетка? Яе расавыя забабоны, ксэнафобія? Ці, можа быць, статыстыка злачынстваў і звычайны жыцьцёвы вопыт?

Тая самая практыка, «крытэрый ісьціны», якая прымушае нас браць парасон, калі мы бачым на небе хмары: дажджу можа і ня быць, але засьцярога не перашкодзіць.

У Празе, па гістарычным цэнтры горада ходзіць трамвай, у якім часта езьдзяць замежныя турысты. Ня дзіва, што гэты маршрут (ня ведаю як цяпер, але гадоў дзесяць таму, калі я жыў у Празе, назіраў гэта штодня) быў месцам сталага «паляваньня» хеўры злодзеяў «цыганскай нацыянальнасьці». Калі яны згуртаванай маўклівай групай уваходзілі ў трамвай, я разам зь іншымі «мясцовымі» пасажырамі адразу ж насьцярожваўся, прыціскаўся сьпінай да сьцяны, браў свой кашалёк у рукі або засоўваў яго ў пярэднюю кішэню штаноў. Больш за тое, часам нават папярэджваў бестурботных турыстаў пра небясьпеку.

Ці варта гэтыя мае паводзіны асудзіць як ксэнафобію і нацыянальныя забабоны?

Я ж фактычна бяздоказна абвінаваціў у злачынных намерах сумленных грамадзян Эўразьвязу. Можа быць, больш лібэральна і паліткарэктна было б адразу перадаць мой кашалёк гэтым грамадзянам, «нягледзячы на іх на расавую, рэлігійную і сацыяльную прыналежнасьць»?

Сьмех сьмехам, але тэзіс «Белы гетэрасэксуальны мужчына апрыёры вінаваты ва ўсім» ужо даўно не ўспрымаецца як жарт, а барацьба за роўнасьць ператвараецца ў пазытыўную дыскрымінацыю, гэта значыць прадстаўленьне льгот адным групам за кошт іншых.

Я зусім ня супраць палюбіць усіх, я па характары быццам бы чалавек пазытыўны і добразычлівы. Але, па-першае, узьнікае ўнутраны пратэст, калі табе гэта загадваюць. А па-другое, я губляюся, якую меншасьць трэба абараняць: напрыклад, у сытуацыі, калі змагар за правы афраамэрыканцаў аказваецца банальным антысэмітам, габрэй — расістам, прадстаўнік прыгнечанай хрысьціянскай канфэсіі — гамафобам, а гей-актывіст — ненавісьнікам «абывацельскага быдла».

«Ідэалізатары» (барацьбіты за ідэальных людзей) хочуць атрымаць спакойных стрыманых бацькоў, якія не крычаць і ня лаюцца на дзяцей, — і гэта спарадзіла ювэнальную юстыцыю, калі слова дзіцяці значыць усё, а слова дарослага — нічога. Ідэалізатарам патрэбен дасканалы настаўнік, і таму ў некаторых краінах Эўропы ў школах ужо забараняецца караць хуліганаў, нават рабіць заўвагі, паколькі усё гэта нібыта можа адмоўна адбіцца на дзіцячай псыхіцы.

Сучасны ідэальны чалавек павінен не паліць, быць здаровым, спартыўным, талерантным, абавязкова левалібэральным, змагацца за экалёгію і правы меншасьцяў, супраць фінансавага капіталізму і карпарацый. І бітву за панаваньне гэтага чалавека лібэралы вядуць з такім жорсткім запалам, што узгадваецца анэкдот часоў халоднай вайны: «А ці будзе Трэцяя сусьветная? — Не, але будзе такая барацьба за мір, што нічога не застанецца»!.

Проста хочацца нагадаць банальныя рэчы.

Правільных людзей не бывае; сама спроба пабудовы такога грамадзтва прывядзе нас не ва «Ўтопію» Томаса Мора, а хутчэй у жорсткі «Новы дзівосны сьвет» Хаксьлі.

Гэта па-першае. А па-другое, у гісторыі любое надта зацятае змаганьне за ідэальнага чалавека, абсалютызацыя толькі станоўчага ў чалавечай прыродзе заканчваецца таталітарызмам і зьнішчэньнем усіх правоў таго самага чалавека, якога хочуць выгадаваць ідэалісты. Барацьба за роўнасьць і братэрства прывяла да гільятыны і якабінскага тэрору.

Два самыя бесчалавечныя рэжымы ХХ стагодзьдзя — фашысцкі і бальшавіцкі — кожны па-свойму бачылі вобраз «новага чалавека», здаровага, ідэйнага, актыўнага. І на шляху да гэтай мэты зьнішчылі дзясяткі мільёнаў жыцьцяў, якія не адпавядалі патрэбнаму вобразу формай чэрапа або клясавым паходжаньнем.

Дазвольце мне быць недасканалым, дазвольце мне заставацца чалавекам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?