З'ява не новая. Пакуль улада дурыла людзям галовы так званым «рыначным сацыялізмам», прымітыўны капіталізм шукаў і знаходзіў любую шчыліну, каб выцягнуць з людзей апошнія грошы.

Апошнія, бо самаробная рэклама разлічана найперш на пенсіянераў, а іх у нашым доме больш за палову. Не ведаю, ці купляўся хто на яе, апытанне не праводзіў. Але вось сам ледзь не купіўся, калі нядаўна я падняў з падлогі чарговую паперку, з якой кідаўся ў вочы самаўпэўнены выклік малазразумеламу часу: «КУПЛЮ ДОРАГА».

А што, падумаў я, чаму ж не прадаць «старыя савецкія значкі… граматы… графіны і талеркі… фарфоравыя фігуркі і статуэткі СССР… падшклянкі… падсвечнікі… партабакі…»? Грошай да пенсіі амаль не засталося, а тых самых значкоў… Мо ўпершыню я пашкадаваў, што няма і ніколі не было ў нашай сям’і бюстаў Леніна і Сталіна, бо нехта таксама купіў бы іх ДОРАГА… А танна я і не прадаў бы…

Але ж колькі каштуе СССР?

Я адчыніў шуфлядку пісьмовага стала і дастаў стары бацькаў партабак. Цікава, колькі дасць пакупнік за кавалак дзюралімінію? Што праўда, не зусім кавалак, бо на фотаздымку пад зжаўцелым цьмяным плексігласам — мама і я. Мне тры гады, я моцна абхапіў маму за шыю. І вось зараз яна таксама быццам пытаецца ў мяне: «Ну, і якую ж ты прызначыш цану?»

Я не ведаю, што адказаць. Бо, вядома, трэба спачатку добра і дакладна ўсё падлічыць: і колькі мама сэканоміла грошай, калі, цяжарная мной, цягнулася з Мінска ў чэрвені 41-га пешшу да Магілёва; і колькі каштавала ёй зрабіць партабак на казанскім заводзе, дзе вырабляліся самалёты; і ў якія выдаткі абышлася адпраўка партабака ад майго імя бацьку на фронт…

Няблага было б з агульных выдаткаў на палявую пошту вылічыць кошт ліста, у якім бацька напісаў мне ў падзяку за падарунак невялічкі вершык: «Есть у папы портсигар. В нем махорочный товар. Смотрят с крышки прямо Сережа и мама»… І ўвогуле, без падліку таго, колькі грошай каштаваў шматмесячны пошук бацькамі адзін аднаго, сённяшнюю цану партабака вызначыць наўпрост немагчыма. Паспрабуйце з гэтага агульнага кошту вылічыць эканомію на табаку, бо бацька пасля вайны не курыў. Зрэшты, паспрабаваць можна. Але наўрад ці хопіць застаўшагася жыцця…

Затое я дакладна ведаю, колькі каштуе сёння раяль — 1 мільярд рублёў, альбо 100 тысячаў даляраў.

Менавіта за такія грошы збіраецца купляць раяль Галоўнае гаспадарчае кіраўніцтва Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, пра што са спасылкай на сайт дзяржзакупак паведамляе ўсюдыісны інтэрнэт. І як вы думаеце, дзе размесціцца гэты музычны цуд? Правільна, у Мінску ўжо з’явіўся палац з мармуру, бронзы і пазалоты, якому гэткі раяль добра пасуе…

Што ж да майго сціплага, пашкрабанага падчас вандровак з кватэры на кватэру раяля, то шкада, канечне, што пакупнік савецкіх значкоў і партабакаў на яго не замахваецца. А то, глядзі, старгаваліся б. І тых 100 тысячаў даляраў хапіла б на ўсё жыццё, што засталося, каб падлічыць кошт партабака з дзюралю.

Шкада не шкада, але з гэтым раялем трэба нешта рабіць, бо ён са сваіх ста з нечым гадоў паўстагоддзя маўчыць. Так, калі-нікалі выверзе з сябе нешта хрыплаватае…

Аднойчы, праўда, ужо быў пакупнік і цану прапанаваў неблагую. Не 100 тысяч даляраў, але ж…

Але ж у апошні момант нешта зварухнулася, і я вырашыў, што цана ўсё ж не тая. Не тое, каб малая, але не дакладная. Бо дакладная цана павінна складацца з кошту матчынай маёмасці, якая дашчэнту згарэла разам з домам падчас першай бамбёжкі і замест якой быў атрыманы пасля вяртання ў 1944 годзе ў Мінск пашкоджаны кабінетны раяль. Але хто ведае той кошт? Нават тады ніхто не ведаў. Прывялі ў нейкі пакгаўз, куды звальваліся розныя рэчы, што засталіся ад немцаў, выбірайце… Магла, вядома, выбраць і нешта менш грувасткае, напрыклад, нейкую карціну ці сабе паліто. А выйшла так, што ў паўразваленай кватэры, куды паступова збіраліся ацалелыя сваякі, раяль уладкаваўся ці не на ўвесь пакойчык. Як добра было мне пад ім жыць! А калі яшчэ прыладзілі педалі, а я прыладзіў да іх круглае крэсельца, што круцілася нібыта руль…

А, кіну настальгічныя дзіцячыя ўспаміны. Тут іншы клопат: як адлічыць ад 100 тысячаў даляраў грошы, што былі змарнаваны на выхаванне з мяне «Рахманіна», як пра тое марыла баба Гіта? Маці, вядома, у сваіх марах такіх вышынь не дасягала. Але небеспадстаўна лічыла, што даражэй за музыку ў мірным жыцці нічога няма і не будзе…

Пакуль цягнуўся гэты ўяўны гандаль з пакупніком СССР, я ўсё думаў, думаў і надумаў: не людзі валодаюць рэчамі, як тое ім падаецца, а рэчы ўладараць над людзьмі.

Думка, вядома, не новая, але кожны разумее яе па-свойму.

Вось як разумела яе баба Гіта, калі разам з дачкой і ўнучкамі сыходзіла з мінскага пекла, таксама пешшу: нічога не ўзяла з сабой, акрамя касцюма малодшага сына. Старэйшага забіў у 1938-м Сталін. А тут вось малодшы наважыўся змагацца з Гітлерам — хто каго…

Які то быў цудоўны касцюм з шэрага бастону, пэўны час адзіны ў бацькі, калі ён вярнуўся з вайны Жывы. Нават не паранены.

Толькі вось баба Гіта пачала размаўляць сама з сабой. Усё размаўляла, размаўляла, а я нічога не разумеў…

Ну, а пілотка, гімнасцёрка і кабура дасталіся мне. І я доўга яшчэ хадзіў на вайну з Гітлерам. З-пад раяля…

Пакупнік СССР, дарэчы, купляе і гімнасцёркі… Дорага.

Мо хто і прадасць.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Каментатар / Адказаць
31.08.1987 / 00:16
Шкада не шкада, але з гэтым раялем трэба нешта рабіць, бо ён са сваіх ста з нечым гадоў паўстагоддзя маўчыць. Так, калі-нікалі выверзе з сябе нешта хрыплаватае… ============================================== Спадар Ваганаў, ня трэба "нешта", я забяру. У мяне дачка навучаецца ў музычнай школцы, яе профіль. Ну, дык як ???
0
Каментатар / Адказаць
15.06.1997 / 11:02
Спадар Ваганаў, ня трэба "нешта", я забяру. У мяне дачка навучаецца ў музычнай школцы, яе профіль. Ну, дык як ??? ------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------ Ніяк, сп. Расхадун. Калі ўважліва чыталі, то, спадзяюся, зразумелі, што НІЯК не атрымліваецца падлічыць кошт і вызначыць цану. Мо, дапаможыце? Поспехаў вашай дачцы і яе профілю!
0
Каментатар / Адказаць
21.10.2010 / 23:09
НІЯК не атрымліваецца падлічыць кошт і вызначыць цану. Мо, дапаможыце? ================================================================= Дапамагу. Не падлічваць увогуле. Бо чаго няма - тое не падлічваецца. Раяль ёсьць, а цаны няма, колькі дадуць - столькі й каштуе. Вось і ўся справа. А калі сур'ёзна, дык у такіх рэчаў цаны няма таму, што кожная зь іх захоўвае ў сабе энэргетыку былых гаспадароў. Таму такія рэчы й не адпускаюць ад сябе. Гэта не Вы ня ў стане пазбавіцца ад іх, але яны ня ў стане адпусціць Вас ад сябе. Той, хто кінуў Вам тую аб'яву, такіх праблемаў не сустрэне. Але й раяль у яго не загучыць. А павінен гучаць. І не хрыпла, а як трэба. Покі ён гучыць - ён жыве й жывіць усё жывое наўкол. Дзякуй за пажаданьні!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру