20 лістапада ў пункце пропуску «Брэст» быў затрыманы грамадзянін Аўстрыі, які на аўтамабілі «Таёта» накіроўваўся ў Польшчу.

Як паведамілі ў Дзяржаўным пагранічным камітэце Беларусі, інцыдэнт быў звязаны з тым, што вадзіцель не заплаціў узнос за карыстанне платнымі дарогамі. На гэта яму і ўказалі супрацоўнікі транспартнай інспекцыі ў пункце пропуску.

Аднак іншаземец не звярнуў увагі на прэтэнзіі аб запазычанасці і паспрабаваў несанкцыянавана выехаць з пункта пропуску. Патрабаванні пагранічнага нарада аб спыненні ён таксама дэманстрацыйна праігнараваў.

«Манеўры, якія наладзіў іншаземец на аўтамабілі па тэрыторыі пункта пропуску, яўна не ўпісваліся і ў патрабаванні Правілаў дарожнага руху. 

Мужчына двойчы перасёк раздзяляльныя палосы, тратуары, абсталяваныя для руху пешаходаў у пункце пропуску, паставіў пад небяспеку грамадзян, якія знаходзіліся ў пункце пропуску, — гаворыцца ў паведамленні пагранведамства. — Па гэтай сітуацыі ўводзіўся план «Бар'ер». Былі адначасова заблакіраваныя ўсе ўезды і выезды з рэжымнай тэрыторыі.

Спроба прарыву эфектыўна была спыненая. Рух транспартнага сродку спынены з выкарыстаннем спецыяльных блакіратараў».

Аўстрыйскі парушальнік у выніку прызнаў, што яго паводзіны яўна былі не «еўрапейскімі», і спрабаваў апраўдаць свае дзеянні залішняй эмацыянальнасцю: нібыта ў яго не было сродкаў, каб аплаціць запазычанасць у 200 еўра.

Транспартны сродак выведзены з агульнага патоку. Грамадзянін Аўстрыі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне рэжыму пункта пропуску, затрыманы да 72-х гадзін і змешчаны ў ІЧУ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?