Адна праблема мне як вэб-рэдактару муляе вока з дня ў дзень. І так муляе, што аж дастала, піша Сяргей Дубавец у сваім блогу на сайце радыё «Свабода».

Сярод ананімных камэнтатараў на беларускую тэму вылучаюцца два асаблівыя ідыёты.

Адзін паўтарае, што «родной язык белорусов русский» (усе нэгры насамрэч белыя), другі – што ўсе некахэпісты – гэб’ё і псэўды (хто не фанат Пазьняка – вораг беларушчыны «наверняка»).

Ідыёты таму і кідаюцца ў вочы – нібы пад ногі на кожным кроку – так шмат і шмат дзе пішуць гэтыя двое. Я б не зьвяртаў на іх увагі – як на ідыётаў (што большасьць і робіць), калі б яны не выконвалі абэрацыйнае функцыі, не закрывалі сваімі целамі самую тэму пашырэньня беларушчыны – як (дзякуючы ім) ідыёцкую.

Можна лёгка спрачацца з фантомамі «рускамоўнай беларускай культуры» ці «нецікавай беларускай літаратуры», разумеючы іх траўматычнае паходжаньне. У кожным разе, гэта нашы інтэлектуальныя праблемы.

З ідыётамі спрачацца немагчыма, бо яны «так задуманыя». Ідыёт пазбаўлены пачуцьця меры і гумару, што выключае магчымасьць якой-кольвек інтэлектуальнай спрэчкі. Ідзі аспрэч, што «ўсе нэгры насамрэч белыя».

Тэма пашырэньня беларушчыны займае мяне больш за тры дзясяткі гадоў. Нехта супрацьстаяў гэтаму пашырэньню заўсёды, найперш – улада.

Формула зводзілася да таго, каб ня тое што зганьбіць беларушчыну, але – «закрыць тэму». Калі аднойчы ў савецкія часы паэт Мінкін ускочыў быў на афіцыйную трыбуну з прамоваю за беларускія школы, рэакцыя партыйнага сакратара была абсалютна ідыёцкая – «зачем он это говорит?!».

Са зьяўленьнем інтэрнэту гэты ідыёт нікуды ня зьнік, але да яго дадаўся другі, як бы супрацьлеглы, але па-сутнасьці той самы, які ўжо 20 гадоў заганяе беларушчыну ў БНФ. І нельга сказаць, што беспасьпяхова.

Нядаўна карэспандэнтцы «Нашай Нівы», якая прыйшла ў РУУС уладкоўвацца на працу, там сходу так і сказалі – бэнээфаўка, усяго толькі за яе беларускую мову.

Трэба разумець, што мэта ў двух ідыётаў (ці ў тых, хто за імі стаіць) – адна: каб беларушчына не пашыралася. Першы далдоніць, што яна непатрэбная, бо нічога ня вартая, другі – што яна аж настолькі вартая, што належыць толькі рыцарам ордэна «26 бакінскіх камісараў», пры гэтым усе астатнія – фальшывыя запраданцы.

Куды табе, Вася, з тваім колішнім членствам у ВЛКСМ, па-беларуску размаўляць! Суніміся.

Мабыць ня варта казаць, што культура і мова вышэй за палітыку, за дзяржаўныя ўстановы і нефармальныя згуртаваньні. Што манаполіі на іх ня можа мець ніхто. Што адстойваньне правоў беларушчыны – гэта зусім не адстойваньне правоў на манаполію на яе.

Напэўна ж большасьць народу гэтых двух ідыётаў ідэнтыфікавала. Апазналі і пастараліся незаўважанымі прайсьці міма, каб ня мець нічога агульнага. Ані зь імі, ані зь беларушчынай.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?