Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька правёў анлайн-канферэнцыю. Прапануем самыя арыгінальныя адказы «міністра тэлебачання» на пытанні гледачоў.

– Чаму ў эфіры шмат «пустой» сацыяльнай рэкламы, а таксама безаблічнай рэкламы усялякіх мазяў, спрэяў, масажораў? … Калі ідзе неэстэтычны ролік, хочацца сысці на іншую кнопку.

– Я думаў, што людзі рэкламу не глядзяць. У гэты «залаты час» ёсць магчымасць намазаць бутэрброд, зварыць сабе кубачак кавы і вярнуцца да любімай перадачы. Калі вам не падабаецца рэклама, сыходзьце на іншую кнопку.

– Вам не крыўдна, калі глядач, бачачы няякасны прадукт на іншых каналах (АНТ, СТБ) абагульнена наракае на БТ, ці наадварот ганарыцеся, што «Беларусь 1» асацыююць з усім беларускім тэлебачаннем?

– Мяне не цікавіць меркаванне тэлегледача, які не адрознівае расійскі канал АНТ або канал СТБ, які ў асноўным ствараецца на базе «РЕН ТБ», ад чыста беларускіх каналаў. Хай ён так думае.

– Чаму не запрашаеце ў «Клуб рэдактараў» кіраўнікоў недзяржаўных або апазіцыйных выданняў? Паклічце каго-небудзь з процілеглым меркаваннем, бо адразу рэйтынг падымецца ў разы, перадача стане нашмат больш цікавай і дынамічнай.

– Па-першае, пытанне няправільнае. У нас у краіне, па-мойму, у тры разы недзяржаўных СМІ больш, чым дзяржаўных. Таму прадстаўнікі недзяржаўнай прэсы пастаянна прысутнічаюць на клубе. Я не запрашаю прадстаўнікоў антыдзяржаўнай прэсы - іх 3-4 выданні ў нас ёсць у краіне, ці там 5, дапусцім. Але гэта я раблю нават не наўмысна. Я неяк запрасіў, але яны адмовіліся ўдзельнічаць, мабыць адчуваючы сваю слабасць у шэрагу пытанняў. І ўласна кажучы, навошта мне запрашаць загадзя ангажаваных вядомых людзей, каб рабіць з гэтага шоу? У дадзеным выпадку ў гэтым фармаце я не за рэйтынг змагаюся, а за праўду. Ісціна не ў крыку нараджаецца. Дэбаты на мінулых парламенцкіх выбарах, у якіх у жывым эфіры выходзілі прадстаўнікі розных апазіцыйных партый, паказалі, наколькі яны не гатовыя да адкрытай размовы, да дыялогу, да спрэчкі. Яны адразу апускаюцца да абразы і адну і тую ж цытату ад сябе або ад нейкага свайго правадыра, які стаяў за іх спіной, шматкроць паўтараюць, і гэта проста нецікава і крыўдна за апазіцыю.

P.S. Адзначым, што рэдактар «Наша Ніва» ні разу ў «Клуб рэдактараў» пакліканы не быў. Але з задавальненнем бы выказаў сваю пазіцыю ў эфіры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?