Ілюстрацыйнае фота, animalworld.com.ua
Сям'і пенсіянераў з вёскі Ямнае Рагачоўскага раёна міліцыя вярнула каня, скрадзенага ў іх чатыры гады таму.
Восем гадоў дапамагаў у сельскагаспадарчых працах пажылой пары Марчанкаў конь па мянушцы Прыгажун, а 19 чэрвеня 2009 г. жывёлу выкралі невядомыя.
69-гадовы гаспадар настолькі моцна перажываў, што ў яго нават адняліся ногі.
Усе гэтыя гады супрацоўнікі мясцовай міліцыі пастаянна наведвалі пажылога чалавека, раз-пораз прапаноўваючы з'ездзіць на чарговае апазнанне знойдзенага каня. Але ўсё было дарэмна.
Аднак чарговая такая прапанова, нарэшце, аказалася ўдалай. Гаспадар і Прыгажун пазналі адзін аднаго.
Намеснік начальніка ўпраўлення крымінальнага вышуку УУС Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Падабед распавёў, што крадзеж здзейсніў жыхар Жлобінскага раёна.
Раней ужо судзімы за такое злачынства цыган адразу ж абмяняў прыгожага жарабца на іншага каня. Новы гаспадар у сваю чаргу перапрадаў Прыгажуна назад у Рагачоўскі раён, дзе конь і быў знойдзены праз чатыры гады.
Дарэчы, сёлета сям'я пенсіянераў Марчанкаў адзначыла 50- годдзе сумеснага жыцця і вяртанне Прыгажуна ўспрыняла як яшчэ адзін падарунак да юбілейнай даты.