На лаціне arena значыла «пясок». А пяском пасыпалі пляцоўкі для змагання барцоў. Вось і атрымала слова «арэна» значэнне «месца спаборніцтваў», а з часам і «месца відовішчаў».

Па-беларуску ў слове арэна націск падае на другі склад ад канца — як і па-расейску, і па-італьянску.

А па-літоўску нязвыкла: на апошні склад.

Бо ў літоўскай мове з націскам усё складана.

Шэраг моваў маюць фіксаваны націск. Напрыклад, у чэшскай, фінскай, латышскай і венгерскай ён заўжды прыходзіцца на першы склад. У польскай, кечуа і эксперанта – на перадапошні. У французскай — на апошні.

У іншых мовах націск можа прыпадаць на розныя склады. Але ён прадказальны. Напрыклад, у лаціне ён абумоўлены структурай перадапошняга складу. Таму латынь называюць мовай з рэгулярным націскам.

Але сустракаюцца і складаныя выпадкі. Напрыклад, беларуская мова, у якой націск з’яўляецца няўстойлівым (або рухомым). Прычым ён змяняецца нават у формах аднаго слова (возера і азёры). Такія словы лягчэй адрозніць адно ад аднаго. Але асобам іншай нацыянальнасці запомніць такія правілы складана.

Літоўская мова лічыцца адной з самых архаічных сярод індаеўрапейскіх. Яе носьбіты найбольш захавалі старажытную фанетычную сістэму і большасць марфалагічных асаблівасцяў.

Нездарма ўсяго каля 3% літоўскіх слоў з’яўляюцца запазычанымі.

Націск у літоўскай мове таксама рухомы, а яго пастаноўка залежыць ад шэрагу фактараў. У першую чаргу, гістарычных. Галоўную ролю ў фарміраванні літоўскай мовы адыгралі два дыялекты: жамойцкі (паўночная-заходняя частка краіны) і аўкштайцкі (паўднёва-ўсходняя).

Інтанацыі большасці гаворак Жамойціі ўласцівы музычны характар, калі націскны склад выдзяляецца не моццу голаса, а вышынёй гуку. Аўкштайцкім – дынамічная складовая інтанацыя, або манатонны дынамічны націск. Адпаведна, вялікую ролю ў літоўскай адыгрывае інтанацыя, з якой прамаўляецца слова. А яе ў літоўцаў тры!

Гравіс (кароткая), акут (сыходзячая) і цыркумфлекс (працяглая)

Націск ставіцца ў адпаведнасцю з інтанацыяй. Прычым падчас спражэння і скланення націск таксама змяняецца.

Напрыклад, назоўнікі і прыметнікі паводле такіх змен падзяляюцца на чатыры групы.

Калі кіравацца гэтымі правіламі, кажа літоўская даследчыца Марыя Танана, пляцоўку, дзе выступяць «Ляпісы», правільна называць «Siemens Arena'».

Зрэшты, 30 лістапада «Сіменс-арэна» на пару гадзін з літоўскай стане беларускай…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?