Фота Канстанціна Шастоўскага, radzima.org

Фота Канстанціна Шастоўскага, radzima.org

radzima.org

radzima.org

У лютым-сакавіку наступнага года ў Высокім павінны пачацца работы па рэстаўрацыі старога парку. Фінансаванне работ будзе весціся за кошт сродкаў Еўрапейскага саюза і ўласных сродкаў прадпрыемства «Камянецкае ЖКГ». Кошт работ па аб'екце «Рэстаўрацыя парку гісторыка-культурнай каштоўнасці — палацава-паркавага ансамбля ў г. Высокае» складае каля 5,7 млрд рублёў. З іх крыху больш за 5 млрд прыпадае на еўрапейскі грант.

Некалькі гадоў Камянецкі раён спрабаваў удзельнічаць у конкурсе праектаў ЕС на атрыманне гранта ў рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Польшча—Беларусь—Украіна па праекце міжнароднай тэхнічнай дапамогі, але поспех напаткаў толькі ў гэтым годзе. Прычым адразу па трох праектах, два з якіх рэалізуюцца ў Высокім і адзін — у Камянцы. Гаворка ідзе аб будаўніцтве ў Камянцы новых ачышчальных збудаванняў поўнага цыклу ачысткі, аб пракладцы каналізацыйных сетак у старой частцы Высокага і аб рэканструкцыі старажытнага парку, закладзенага ў першай палове XVIII стагоддзя Міхаілам Сапегам.

Парк напраўду добры ­­— нават цяпер. А ўжо ў канцы XIX стагоддзя, пасля перапланіроўкі, распачатай тагачаснай уладальніцай маёнтка графіняй Пелагеяй Патоцкай, ён, мяркуючы па апісаннях у дакументах таго часу, быў проста шыкоўны. Каб надаць парку новае жыццё і новы шарм, Потоцкая запрасіла Валяр'яна Кроненберга — вельмі вядомага і моднага ў той час архітэктара і спецыяліста ў галіне паркабудавання. Кроненберг гарманічна ўпісаў у агульны ансамбль руіны старога замка і Замкавы вал, папоўніў калекцыю рэдкіх дрэў і нязначна змяніў агульную планіровачную кампазіцыю. Дзякуючы яму, парк стаў, як пішуць у даведніках, «адным з самых маляўнічых і найбольш эмацыйна насычаным у краіне». Сляды мінулага хараства бачныя да гэтага часу, хоць парк запушчаны і здзічэлы. Каб прывесці яго ў парадак, каб адпавядаць паняццю «гісторыка-культурная каштоўнасць», патрабаваліся сур'ёзныя ўкладанні сродкаў, якімі Камянецкі раён не валодаў. І вось цяпер грошы з'явіліся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?