Сёлета споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння першага прэзідэнта паваеннай Рады БНР Міколы Абрамчыка (1903—1970). Гэта стала нагодай для выдатнай падзеі — выдання кнігі «Рада БНР (1947—1970): Падзеі. Дакументы. Асобы».

У ёй упершыню зробленая спроба рэпрэзентацыі матэрыялаў пасляваеннай эміграцыйнай дзейнасці Рады БНР.

Укладальнікі выдання — абодва сябры Рады Згуртавання «Бацькаўшчына», аўтары кніг пра беларускую эміграцыю: даследчык гісторыі беларусаў замежжа, кандыдат гістарычных навук Наталля Гардзіенка і архівіст, дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША Лявон Юрэвіч.

Упершыню ў кнізе публікуюцца пратаколы пасяджэнняў Рады і Ураду, найважнейшыя дакументы, ліставанне — усё тое, што дапаможа асэнсаваць, якія падзеі адбываліся ў палітычным жыцці беларускай эміграцыі на Захадзе ў паваенны час.

Асноўны змест кнігі склалі дакументы, датычныя дзейнасці Рады БНР часоў Міколы Абрамчыка — 1947—1970 гг. Кніга складзеная найперш на падставе матэрыялаў са збораў Беларускага інстытута навукі і мастацтва (Нью-Ёрк).

Таксама ў ёй былі выкарыстаныя дакументы і ліставанне са збораў Янкі Запрудніка (ЗША), Тамары Стагановіч (Кольба) (ЗША), Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лондане. У Лоднан дакументы патрапілі праз сям’ю Жук-Грышкевічаў, а лісты ад ад самога Міколы Абрамчыка. Калекцыя дакументаў і лістоў, што ўвайшлі ў кнігу, таксама захоўваецца ў беларускіх фондах Бібліятэкі і архіваў Канады (Атава).

Пра працу над выданнем расказала Наталля Гардзіенка:

«Праца над кнігаю «Рада БНР (1947—1970): Падзеі. Дакументы. Асобы» заняла каля двух гадоў. Ідэя выдання належыць майму калегу і сябру Лявону Юрэвічу, які і распачаў працу, звязаную з пошукам і падрыхтоўкай найперш дакументальных матэрыялаў, што склалі аснову кнігі. Адшукваць і расчытваць пратаколы і дакументы да дзейнасці Рады БНР было няпроста. Значная частка пратаколаў была ў зборах БІНіМу, куды яны трапілі рознымі шляхамі, асобныя былі знойдзеныя ў Канадзе ды лонданскай Скарынаўцы.

Кніга задумвалася як выданне, звязанае з 110-гадовымі ўгодкамі Міколы Абрамчыка (1903—1970). І мы паспрабавалі скантактавацца з сынам першага паваеннага Прэзідэнта Рады БНР, што жыве ў Парыжы, каб адшукаць нейкія прыватныя матэрыялы пра яго бацьку. Аднак, на жаль, спатканне жаданых вынікаў не мела. Ніякіх матэрыялаў у сына, паводле ягоных словаў, не аказалася. Тым не менш, цікавыя лісты Міколы Абрамчыка былі знойдзены ў розных эміграцыйных зборах, так што сур’ёзным пытаннем стаў адбор таго, што варта ўключаць у кнігу.

Шмат сілаў і часу забрала каментаванне пратаколаў, дакументаў, ліставання.

Паўсюль згадваюцца шматлікія дзеячы не толькі беларускай эміграцыі, але і расійскай, польскай, літоўскай, украінскай, латвійскай, эстонскай, грузінскай і г.д. Да таго ж, кіраўніцтва Рады БНР кантактавала з вялікай колькасцю амерыканскіх палітыкаў. Пераважную большасць згаданых у дакументах імёнаў удалося ўрэшце ідэнтыфікаваць і падаць звесткі пра гэтых асобаў.

Цікавай часткай падрыхтоўкі кнігі стала стварэнне гістарычнага нарысу, для якога выкарыстоўвалася багата рознага матэрыялу не толькі з дакументаў, падрыхтаваных у самой кнізе, але і іншых.

Хоць мы не ставілі сабе на мэце зрабіць вычарпальнае даследаванне дзейнасці Рады БНР на эміграцыі. Гэтая справа яшчэ наперадзе.

Нам хацелася акрэсліць асноўныя напрамкі, праблемы, дасягненні. На гэта працуе і ўся кніга. Акрамя дакументаў тут пададзеная бібліяграфія БНРаўскіх публікацыяў, зробленая хроніка асноўных падзеяў, сабраныя біяграфічныя нарысы некаторых дзеячаў. Для нас было важна, што кніга рабілася як бы па-за існуючай Радай БНР, як выданне не заангажаванае ў палітычныя падзеі на эміграцыі і з выключна навуковымі мэтамі. Гісторыя Рады БНР на чужыне — важная старонка айчыннай гісторыі, вывучэнню якой мы і хацелі паспрыяць».

***

Кніга ўжо ёсць у «Акадэмкнізе» (пр-т Незалежнасці, 72), кнігарні «логвінаЎ» (пр-т Незалежнасці, 37а), на кніжным рынку «Мир книг» (Я.Купалы, 27, месца справа ад уваходу ў павільён), у «Кніжным салон» (вул. Калініна, 5), у інтэрнэт-краме knihi.by, неўзабаве з’явіцца і ў іншых кнігарнях.

Згуртаванне «Бацькаўшчына» выдала гэтую 22-ю кнігу ў серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны» (заснавана ў 2004 г.) сумесна з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва (Нью-Ёрк, ЗША) дзякуючы Беларуска-амерыканскаму грамадскаму цэнтру «Полацак» (ЗША) і Згуртаванню беларусаў у Вялікай Брытаніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0