Міністэрства аховы здароўя Беларусі абвергла інфармацыю пра абмежаванне імпарту лекавых сродкаў.

Раней некаторыя інтэрнэт-рэсурсы размясцілі інфармацыю пра тое, што Міністэрства аховы здароўя рэкамендавала суб'ектам фармацэўтычнага рынку адмовіцца ад імпарту замежных прэпаратаў, якія маюць беларускія аналагі, і ў снежні будзе забароненае мытнае афармленне такіх лекаў.

Як патлумачылі ў міністэрстве, парадак увозу лекавых сродкаў вызначаецца законам «Аб лекавых сродках», згодна з якім «забараняецца ўвоз няякасных лекавых сродкаў, фальсіфікаваных лекавых сродкаў, а таксама лекавых сродкаў з закончаным тэрмінам прыгоднасці».

У ведамстве адзначылі, што на фармацэўтычным рынку могуць знаходзіцца ўсе зарэгістраваныя лекавыя сродкі — як беларускія, так і замежныя, і падчас рэгістрацыі лекаў да ўсіх вытворцаў маюцца адзіныя патрабаванні, вызначаныя стандартамі Еўрапейскай фармакапеі. Цяпер у дзяржаўным рэестры зарэгістравана каля 6 тыс. лекавых сродкаў, з якіх больш чым 1,2 тыс. — айчыннай вытворчасці.

У той жа час Міністэрства аховы здароўя падкрэсліла, што ў Беларусі распрацаваная галіновая праграма імпартазамяшчэння лекавых сродкаў.

«Лекавае забеспячэнне з'яўляецца найважнейшым складнікам сістэмы аховы здароўя, прыярытэты дзяржаўнай палітыкі ў галіне фармацэўтычнай прамысловасці дазваляюць забяспечваць цэнавую даступнасць лекавых сродкаў і ствараць умовы для развіцця фармацэўтычнага рынку», — гаворыцца ў паведамленні.

«Патрабаваннем сённяшняга дня з'яўляецца пашырэнне асартыменту айчынных канкурэнтаздольных лекавых сродкаў і вывядзенне на рынак новых распрацовак», — адзначылі ў ведамстве. Пры гэтым у краіне «створана эфектыўная сістэма кантролю за абарачэннем лекавых сродкаў, якую высока ацэньваюць у тым ліку міжнародныя эксперты».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?