Яшчэ адзін папулярны сэрвіс інтэрнэт-кампаніі «Яндэкс» стаў даступны карыстальнікам, у першую чаргу аўтамабілістам, у Беларусі. Гаворка ідзе пра бясплатны дадатак «Яндэкс.Навігатар» для мабільных прылад. 

Праграма распрацаваная для мабільных прылад на аперацыйных сістэмах Android, iOS і Windows Phone 8. У гэтым дадатку ёсць падрабязныя карты, актуальная інфармацыя пра заторы і галасавое кіраванне. Навігатар «Яндэкса» можа суправаджаць беларускіх карыстальнікаў як у штодзённых паездках па горадзе, так і па ўсёй краіне, а таксама ў Расію і Украіну. 

«Яндэкс.Навігатар» ператварае звычайны смартфон ці планшэт у паўнацэннага аўташтурмана, — адзначыў Грабеннікаў. — Прычым карты для яго не трэба спампоўваць уручную, мы рэгулярна абнаўляем схемы аўтадарог.

А інфармацыя пра бягучую дарожную сітуацыю паступае кожныя дзве хвіліны, таму наш «Навігатар» заўсёды прапануе маршрут у аб`езд затораў». 

Дадатак разлічвае аптымальны маршрут з улікам затораў і вядзе карыстальніка па ім, падказваючы кожны манеўр — голасам і на экране. Можна задаць дакладны адрас, а таксама знайсці патрэбную ўстанову, напрыклад кафэ ці найбліжэйшую АЗС. Як сцвярджаюць прадстаўнікі «Яндэкса», іх «Навігатар» ведае 160 тысяч арганізацый у краіне. Кіраваць праграмай можна і голасам. Калі наперадзе ўтварыўся затор, дадатак перабудуе маршрут і прапануе шляхі аб`езду. Цяпер «Навігатар» распазнае 8.700 гарадскіх завулкаў і вуліц у Беларусі, буйныя мясцовыя і рэспубліканскія дарогі, усе магістралі — больш як 86 тысяч кіламетраў аўтадарог. 

«Навігатар» запушчаны ў 2012 годзе ў Расіі і ва Украіне, у 2013 годзе — у Турцыі. Штомесячная аўдыторыя дадатку складае 5 млн. чалавек. «З запускам «Навігатара» ў Беларусі мы спадзяемся на яе далейшы рост», — сказаў Грабеннікаў. 

У Беларусі, паводле яго слоў, ужо добра вядомым сэрвісам «Карты» ад «Яндэкса» штомесяц карыстаюцца да 500 тыс. чалавек. 

«Яндэкс.Навігатар» можна бясплатна запампаваць у Apple Арр Store (для iPhone і iPad), Google Play (для смартфонаў і планшэтаў на базе Android) і ў магазіне Windows Phone для WP8. 

«Яндэкс» — расійская ІТ-кампанія, якая валодае аднайменнай сістэмай пошуку ў сетцы і інтэрнэт-парталам. Пошукавая сістэма «Яндэкс» з`яўляецца чацвёртай сярод пошукавых сістэм свету па колькасці апрацаваных пошукавых запытаў (па стане на снежань 2012 года — 4,84 млрд. запытаў, 2,8% ад сусветнай колькасці). 

Прыярытэтным кірункам кампаніі з`яўляецца распрацоўка пошукавага механізму, але за гады працы «Яндэкс» стаў мультыпарталам, які цяпер прадастаўляе больш як 50 сэрвісаў. Самыя папулярныя: «Яндэкс.Карцінкі», «Яндэкс.Пошта», «Яндэкс.Карты», «Яндэкс.Надвор`е», «Яндэкс.Навіны». 

Пошукавая сістэма yandex.ru была афіцыйна анансавана 23 верасня 1997 года. Як асобная кампанія «Яндэкс» утворана ў 2000 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?