Праект аднаўлення і музеефікацыі Мінскага замчышча, распрацаваны архітэктарам УП «Мінскпраект» Сяргеем Багласавым, выключаны з праекта дэталёвага плана рэканструкцыі гістарычнага цэнтра Мінска.

Такое рашэнне было прынята 27 лістапада на пасяджэнні навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры, паведаміў БелаПАН старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПГіК), гісторык Антон Астаповіч.

Паводле яго слоў, на гэтым пасяджэнні былі канчаткова скарэктаваны да 2018 года графік і рэгламенты праекта дэталёвай планіроўкі гістарычнага цэнтра Мінска.

Паводле праекта Багласава, на месцы Мінскага замчышча павінен быў з'явіцца насып з музейнай экспазіцыяй усярэдзіне, планавалася таксама нанова пабудаваць першую мінскую царкву ўзору XI стагоддзя, сярэднявечную гарадскую браму і квартал з драўлянай забудовай. Характарыстыкі гэтых аб'ектаў, на думку прадстаўнікоў БДТАПГіК, у праекце Багласава значна адрозніваліся ад раней існаваўшых арыгіналаў.

«Да пачатку Другой сусветнай вайны на гэтым месцы была жылая забудова, якая спалучалася з гандлёвымі радамі, уключаючы Нізкі і Мясны рынкі, — сказаў Астаповіч. — Праект Багласава навукова абгрунтаваны не быў.

Пры яго рэалізацыі там бы з'явілася, мы лічым, не што іншае, як фальсіфікацыя гісторыка-культурнай каштоўнасці. Было б створана псеўдазамчышча, псеўдасярэднявечны замак на аснове выключна архітэктурных фантазій, нават не на гіпатэтычным меркаванні, якім было аблічча Мінска».

Адмовіўшыся ад прапановы Багласава, сталічныя ўлады, Мінкультуры, а таксама распрацоўшчыкі і замоўцы праекта рэканструкцыі гістарычнага цэнтра Мінска, лічыць гісторык, прынялі «вельмі мудрае і ўзважанае рашэнне», пра неабходнасць якога «БДТАПГіК гаварыла на працягу трох гадоў».

Так, згодна з рашэннем навукова-метадычнай рады, пляцоўка Мінскага замчышча пакінута «для комплексных навуковых даследаванняў і складання гісторыка-архітэктурнага апорнага плана».

«Па выніках комплексных даследаванняў і на аснове падрабязнага апорнага плана пасля будзе прынята рашэнне, як будзе развівацца аднаўленне гэтай тэрыторыі. Або ісці шляхам узнаўлення раннесярэднявечнага горада, або шляхам аднаўлення страчанай цаглянай архітэктуры, якая склалася ў XIX стагоддзі. А можа быць, і шляхам спалучэння гэтых рашэнняў», — рэзюмаваў Астаповіч.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру