Бізнес-вымярэнне Усходняга партнёрства павінна стаць ключавым, таму што можа «падцягнуць» астатнія сферы супрацоўніцтва. Пра гэта заявіў БелаПАН міністр эканомікі Беларусі перад пачаткам пленарнага пасяджэння бізнес-форуму Усходняга партнёрства ў Вільнюсе 28 лістапада.

«Менавіта бізнес-вымярэнне павінна з'яўляцца фундаментам Усходняга партнёрства, таму што перадача ведаў і тэхналогій значна важнейшая за патрабаванні выканання тых правілаў і норм паводзін, якія ёсць у Еўрасаюзе», — заявіў Снапкоў.

На думку міністра эканомікі, супрацоўніцтва Беларусі з ЕС было б больш прадуктыўным, калі б эканоміка стала асновай ва Усходнім партнёрстве.

«Я ўпэўнены, што гэта можа падцягнуць астатнія сферы. Эканоміка пярвічная. І жыццё паказвае, што ўзаемапранікненне бізнесу з'яўляецца пярвічнымі і больш камфортнымі драйверамі ўзаемаадносін на астатніх узроўнях», — падкрэсліў Мікалай Снапкоў.

Міністр зазначыў, што ў Беларусі і Еўропы няма ніякіх супярэчнасцяў у сферы бізнесу: «Мы павінны рабіць тое, што робім: мы сустракаемся з міністрамі, знаходзім кантакты, нашы бізнес-саюзы размаўляюць, знаходзяць пункты судакранання. Характар інвестыцый у нашу краіну, характар нашых інвестыцый у краіны ЕС гаворыць пра тое, што ніякіх супярэчнасцяў у гэтым няма».

Мікалай Снапкоў прывёў прыклад паспяховых інвестыцыйных праектаў, ажыццёўленых у Беларусі швейцарскай фірмай Stadler і аўстрыйскай Kronospan.

«Для сацыяльна-адказнага бізнесу палітычныя аспекты вельмі адносныя. Ім патрэбныя камфортнае асяроддзе, кваліфікаваная рабочая сіла і рынкі збыту прадукцыі. Гэта ўсё ёсць у Беларусі», — упэўнены міністр эканомікі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру