Нацыянальная і моладзевая зборныя Беларусі па футболе сканчаюць адборачны цыкл да чэмпіяната свету 2014 года на апошніх пазіцыях у групе. Усе айчынныя клубы хутка выляцелі з еўракубкаў. А наведвальнасць рэспубліканскага чэмпіянату надзвычай нізкая. Хто і якім чынам можа выратаваць айчынны футбол? Чаму гэты від спорту ў Беларусі знаходзіцца ў працяглым крызісе?

Спецыялісты прапануюць шмат адказаў. Перш за ўсё, расчароўвае падрыхтоўка рэзерву. Бракуе кваліфікаваных дзіцячых трэнераў (у параўнанні з «дарослым» спортам яны атрымліваюць невялікія зарплаты, таму ахвотных працаваць у секцыях і спартыўных школах няшмат). Існуюць дрэнныя ўмовы падрыхтоўкі (класічным стаў прыклад: юныя дынамаўцы ў сталіцы дзесяцігоддзямі трэніраваліся на асфальце). Адсутнічаюць і фінансавыя ўкладанні, каб запрасіць класных ігракоў і ўзняць узровень мясцовага чэмпіяната.

Але кожны год у Беларусі з’яўляюцца маладыя таленты, якія, здавалася б, дэманструюць нядрэнны футбол. Толькі БАТЭ прадаў за апошнія гады ў замежныя клубы больш за дзесятак ігракоў (у тым ліку, Паўла Няхайчыка, Арцёма Радзькова, Сяргея Сасноўскага, Ігара Шытава).

Чаму зоркі большасці з іх хутка сыходзяць з небасхілу? Чаму так дрэнна іграе наша зборная, ўкамплектаваная пераважна легіянерамі? Адна з прычын -- у тым, што ігракі выбіраюць пераважна ўсходні накірунак для далейшага развіцця кар’еры.

Пералік беларускіх футбалістаў, якія за апошнія дзесяць гадоў выступалі ў вышэйшых дывізіёнах сур’ёзных заходніх чэмпіянатаў, будзе надзвычай сціслы. Гэта Аляксандр Глеб (Германія, Англія, Іспанія), Віталь Кутузаў (Італія і Партугалія) і Максім Рамашчанка (Турцыя, што таксама ўваходзіць у зону УЕФА), якія зрабілі нядрэнную па беларускіх мерках міжнародную кар’еру, а таксама Вячаслаў Глеб (Германія, Швейцарыя, Грэцыя), чые дасягненні больш сціплыя.

У клубах ніжэйшых дывізіёнаў гулялі Сяргей Штанюк (Англія), Сяргей Ясковіч (Францыя), Віктар Сокал (Швецыя), Віталь Радзівонаў і Генадзь Блізнюк (Германія), але для іх замежныя ваяжы сталі толькі эпізодам у біяграфіі. Невядома, як складзецца лёс Аляксея Кучука, які сёлета перайшоў у адзін партугальскіх клубаў. Калі згадаць чэмпіянаты больш сціплага ўзроўню, дык беларусы гулялі або гуляюць у Польшчы, Румыніі і Чэхіі.

Большасць футбалістаў, якія жадаюць сысці з айчынных клубаў, традыцыйна выбіраюць усходні накірунак.

У Казахстан або Азербайджан едуць, калі кар’ера ідзе на спад або хочацца без надта вялікіх намаганняў зарабіць прыстойныя грошы. Футбаліст, які выбраў клубы гэтых краін, па сутнасці, страчаны для вялікага спорту. А вось з Расіяй і Украінай звязаны надзеі не толькі на годную зарплату, але і на кар’еру.

Ды толькі ў рэальнасці ўсё яшчэ складаней. За апошні час шэраг амбітных клубаў Украіны і Расіі набылі алігархі (напрыклад, Рынат Ахметаў -- данецкі «Шахтар», Леанід Фядун – маскоўскі «Спартак»). Яны зрабілі вялікія фінансавыя ўкладанні ў калектывы і запрашаюць сусветных зорак (напрыклад, Сулейман Керымаў завабіў ў «Анжы» Самуэля Эта’о). Адпаведна, узровень чэмпіянатаў вельмі вырас.

Калі ў 1990-я гады беларусы выходзілі ў аснове большасці клубаў тагачаснай расійскай (а пазней і ўкраінскай) вышэйшай лігі, дык цяпер ім амаль не знаходзіцца там месца.

Што рабіць? Існуе два варыянты.

Можна перайсці ў вядомы клуб (калі запрашаюць) і паспрабаваць там замацавацца. Але часцей наш ігрок або сядзіць на лаўцы запасных (што апрыёры не спрыяе добрай гульні і росту майстэрства), або адпраўляецца ў арэнду ў слабы клуб, дзе іграе стала. Але пасля вяртання месца ў асноўным складзе часцей за ўсё ён не атрымлівае.

Другі варыянт – адразу перайсці ў клуб без вялікіх амбіцый і іграць там у аснове. У чым загана такога рашэння?

Айчынных футбалістаў, якія іграюць у Расіі менавіта за такія клубы, вучаць не нападаць, а абараняцца, не гуляць, а адбівацца. Таму не дзіўна, што ў зборнай, дзе ад іх патрабуюць перамог, у іх не заўсёды атрымліваецца гульня. Але самая вялікая загана ў выбары ўсходняга накірунку – няма магчымасцей для развіцця кар’еры. Інакш кажучы, тупік.

Еўрапейскія чэмпіянаты існуюць у агульнай сістэме каардынат (магчыма, за выключэннем Англіі, чые візавыя патрабаванні не спрыяюць пераходу слабых ігракоў, якія не іграюць за нацыянальныя зборныя сваіх краін). Існуюць топ-чэмпіянаты (Англія, Германія, Іспанія, Італія, Францыя), спаборніцтвы другога і трэцяга эшалону. Футбалісты могуць пераходзіць з чэмпіянату ў чэмпіянат як на павышэнне, так і на паніжэнне (напрыклад, не ўдалося ў Германіі – а раптам пойдуць у Аўстрыі ці Швейцарыі). А значыцца, рэальна знайсці тое, што адпавядае іх ўзроўню і майстэрству.

Чэмпіянат Расіі (у меншай ступені Украіны) абсалютна самадастатковы. Адзінкі карэнных ігракоў пераходзяць з яго ў больш моцныя чэмпіянаты.

Часткова гэта звязана з дрэннай псіхалагічнай акліматызацыі расійскіх ігракоў, якія да таго ж слаба валодаюць англійскай мовай. Часткова -- з надзвычай высокімі, суадносна да якасці гульні, зарплатамі.

Прыведзеныя разважанні непасрэдна тычыцца беларусаў. Хтосьці з іх іграе за слабыя клубы, дзе не развіваецца псіхалогія пераможцы. Іншыя сядзяць на лаўцы запасных, потым робяцца нікому не патрэбныя. Іх развіццё спыняецца, і яны вяртаюцца ў Беларусь, дзе (у лепшым выпадку) іграюць да канца кар’еры ў статусе мясцовых зорак.

Варыянтаў для выпраўлення сітуацыя два. Першы з іх вынесены ў загаловак матэрыяла. Сапраўды,

калі б Беларусь стала часткай Еўрасаюза і ўвайшла ў шэнгенскую зону, заходні накірунак у працягу кар’еры мог бы зрабіцца асноўным.

Гэты шлях прадугледжвае, што рашэнне прыме дзяржава, а спартсмены прыстасуюцца да новых умоваў.

Другі варыянт можна звязаць з самастойным выбарам футбалістаў, што немагчыма без росту іх самасвядомасці. Па-людску лёгка зразумець тых, хто накіроўваецца на ўсход. Беларусь, Расія і Украіна знаходзяцца ў адзінай расейскамоўнай інфармацыйнай прасторы. І ў нас, і ў іх (акрамя Заходняй Украіны) у паўсядзённым жыцці гучыць рускай мова. Таму айчынным футбалістам пры пераходзе ў клубы гэтых краін не патрабуецца асаблівая адаптацыя. Ды ці лёгка вытрымаць выпрабаванне сур’ёзнымі грашыма?

Толькі асэнсаванне сваёй адметнасці ад расіян і прыналежнасці да Еўропы можа падштурхнуць спартоўцаў да выбару заходняга накірунку.

Памятаю выпадак, калі пераканаўся: украінскую мову ва Украіне немагчыма перамагчы. У адным з інтэрв’ю футбаліст Анатоль Цімашчук прызнаўся, што размаўляе на ёй у сям’і. Падобных прыкладаў у Беларусі пакуль няма. Але прыхільнае стаўленне да нацыянальнай сімволікі, якое дэманструюць асобныя спартсмены (напрыклад, плыўчыха Аляксандра Герасіменя і лёгкаатлетка Аліна Талай), успрымаецца як перадумова будучых зменаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?