Аляксандр Лукашэнка патрабуе забяспечыць рэалізацыю задач па развіцці сельскай гаспадаркі і экспарту прадуктаў.

Аб гэтым ён заявіў сёння, заслухоўваючы справаздачу ўрада і Нацбанка.

Ён, у прыватнасці, папярэдзіў губернатараў і мэра Мінска аб недапушчальнасці ўзнікнення праблем з наяўнасцю малочнай прадукцыі на прылаўках беларускіх магазінаў.

«Я ўсё больш чую аб тым, што ў Мінску ці яшчэ дзесьці ці то ўвечары, ці то ноччу малака бракуе», — заўважыў Лукашэнка.

Таксама ён даваў разгон за будаўніцтва фермаў.

«У рэгіянальным разрэзе сітуацыя неадназначная. Калі ў Гомельскай, Гродзенскай і Мінскай абласцях заданне выконваецца, у Брэсцкай — амаль выканана, то ў Магілёўскай і Віцебскай абласцях яно выканана не будзе. Прычым у Магілёўскай — напалову, а ў Віцебскай — амаль на 80 працэнтаў, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Я ж памятаю палкія абяцанні магілёўскага і віцебскага губернатараў. Магілёўскі вынайшаў нейкую новую тэхналогію (і ніхто не перашкаджаў яе рэалізаваць) — ці то клееныя, ці то драўляныя канструкцыі».

«Вашы адгаворкі і апраўданні ўжо нагналі аскому. Маўляў, не хапае сродкаў. Дык шукайце рэсурсы, а не займайцеся балбатнёй! Гэта была ваша зона адказнасці. Я казаў, што гэта лакмусавая паперка праверкі здольнасцей губернатараў», — падкрэсліў Лукашэнка.

Пры гэтым ён, звяртаючыся да віцэ-прэм'ера Міхаіла Русага і міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца, заўважыў, што многія памяшканні на фермах «не ўкамплектаваны жывёламі».

Лукашэнка канстатаваў, што ў час яго рабочых паездак па рэгіёнах часта даводзіцца назіраць невыкананне абавязацельстваў з боку рэспубліканскіх і мясцовых органаў улады.

«Паўсюднае галавацяпства, расхлябанасць, няўменне арганізаваць работу. Не хапае элементарнай стараннасці і дзелавітасці», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?