У Маскве знайшлі кватэру, у якой было зарэгістравана дзве тысячы нелегалаў.

Па дадзеных Генеральнай пракуратуры Расеі, незаконную прапіску за грашовае ўзнагароджанне ажыццяўляў супрацоўнік паліцыі. Парушальніку пагражае крымінальная справа.

«Бутырская міжраённая пракуратура Масквы ў ходзе праверкі дома па Алтуф'еўскай шашы выявіла кватэру, у якой разам з зарэгістраванымі грамадзянамі Расеі з 2009 па кастрычнік 2013 гадоў на міграцыйны ўлік пастаўлена больш за дзве тысячы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства», - паведамілі ў галоўным наглядным ведамстве.

Супрацоўнікі пракуратуры адзначылі, што гэтыя людзі па паказаным адрасе не пражываюць. Па папярэдніх дадзеных, незаконную рэгістрацыю за грашовую ўзнагароду ад 300 да 500 рублёў ажыццяўляў супрацоўнік аддзела МУС Расеі па раёне Ліанозава, які зарэгістраваны ў гэтай кватэры, перадае РІА Новости.

«У цяперашні час матэрыялы пракурорскай праверкі накіраваныя ў Бутырскі міжраённы следчы аддзел Следчага камітэта для вырашэння пытання аб узбуджэнні крымінальнай справы па частцы артыкула «Арганізацыя незаконнай міграцыі», - заявілі ў пракуратуры.

Адзначым, што раней кіраўнік МУС Расеі Уладзімір Калакольцаў падчас «урадавай гадзіны» ў Дзярждуме заявіў, што паліцыя выявіла ў маскоўскім раёне Бірулёва Заходняе дзве тысячы кватэр з нелегальнымі мігрантамі. Міністр таксама адзначыў, што колькасць злачынстваў, учыненых замежнікамі, узрасла на 30% у кожным рэгіёне.

«Ненармальная сітуацыя, калі частка жыхароў раёна выходзіць на «народны сход», пратэстуючы, у тым ліку, супраць вялікай колькасці мігрантаў, а другая ў той жа час нелегальна здае свае кватэры, ператвараючы іх у міні-інтэрнаты», - паведаміў кіраўнік МУС Расеі Уладзімір Калакольцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?