Itar-tass

Itar-tass

З адмысловай заявай па падзеях у сталіцы Украіны 30 лістапада выступіў Патрыярх Кіеўскі і ўсёй Русі-Ўкраіны Філарэт.

Пра гэта паведамляе радыё «Свабода».

«Дарагія браты і сёстры!

Сёньня наша грамадзтва перажывае адзін з самых складаных момантаў найноўшай гісторыі, таму Царква ня можа моўчкі стаяць баку.

Падзеі папярэдніх месяцаў і тыдняў пераконваюць: пераважная большасьць нашых суграмадзян падтрымліваюць эўрапейскую інтэграцыю Украіны.

У абарону сваіх імкненьняў яны выйшлі на публічныя масавыя акцыі. Гэтыя акцыі праводзіліся ў цэлым мірна і бяз гвалту, да чаго грамадзян таксама заклікала і наша Царква, і іншыя Цэрквы і рэлігійныя арганізацыі.

Кіеўскі Патрыярхат разам з украінскім народам падтрымліваў і працягвае падтрымліваць эўрапейскую інтэграцыю і бачыць будучыню Ўкраіны ў коле незалежных дзяржаў аб’яднанай Эўропы.

Пасьля пачатку масавых грамадзянскіх акцый мы неаднаразова зьвярталіся таксама ў праваахоўныя органы і да іншых прадстаўнікоў дзяржавы з заклікам забясьпечыць грамадзянам гарантаванае Канстытуцыяй права мірна выказваць сваю пазыцыю. На жаль, гэты наш заклік ня быў пачуты.

Ноччу 30 лістапада з ужываньнем жорсткага гвалту ўдзельнікі акцыі былі выгнаныя з Майдану Незалежнасьці. Кадры гэтай падзеі нагадваюць пра 18 ліпеня 1995 году, калі была ужытая сіла да удзельнікаў пахаваньня Патрыярха Ўладзіміра (Раманюка).

Мы маральна асуджаем жорсткае ўжываньне сілы да мірных грамадзянаў, якое адбылося сёньня на сталічным Майдане Незалежнасьці. Таксама мы заклікаем усіх — асабліва міліцыю, але таксама і ўдзельнікаў грамадзкіх акцый — не дапусьціць далейшага прымнажэньня гвалту.

Магчыма, менавіта гэтага — разгортваньня вялікага грамадзянскага канфлікту і расколу краіны, зьнішчэньня нашай дзяржаўнасьці — дамагаюцца тыя сілы, якія любым коштам імкнуцца не дапусьціць інтэграцыі Украіны з аб’яднанай Эўропай.

Будучыня нам не вядомая. Але мы хочам, каб усе ведалі: Кіеўскі Патрыярхат — з украінскім народам. Незалежна ад таго, якія нас чакаюць выпрабаваньні.

Па сьведчаньні Госпада Ісуса Хрыста, малітва мае вялікую здольнасьць разбураць сілу і падкопы д’ябла. Таму менавіта цяпер, апроч іншага, асабліва патрэбна малітва пра Ўкраіну, пра захаваньне нашага агульнага дома ад разбуральнай міжусобнай варожасьці.

Да гэтай узмоцненай малітвы я заклікаю ўсіх вернікаў. Зь цяжкім сэрцам, але зь цьвёрдай надзеяй на Яго міласьць і дапамогу кажу разам з вамі: «Божа Вялікі, Адзіны, нам Украіну захоўвай». Заклікаю на ўвесь украінскі народ Божае дабраславеньне!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?